Аляксандр Казулін: «Калі выбары не будуць свабоднымі, людзі павінныя пратэставаць» (Фота, відэа)
- 20.08.2008, 13:11
Маючыя адбыцца ў Беларусі «парламенцкія выбары» не будуць свабоднымі і дэмакратычнымі, і рэальная апазіцыя ў «парламент» не пройдзе. Калі вынікі выбараў будуць сфальсіфікаваныя, то беларусы павінныя пратэставаць. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў былы палітвязень Аляксандр Казулін.
«Магу сказаць цалкам дакладна, што ўсе, хто будзе ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі да канца, пры наяўнасці велізарнай колькасці парушэнняў, – будуць працаваць на рэжым Лукашэнкі. Са стоадсоткавай упэўненасцю магу сказаць, што ніхто з рэальнай апазіцыі ў «парламент» не пройдзе. Таму што Лукашэнка не дапусціць туды палітыкаў, якія маюць рэальную вагу. А вось тыя, каго прыцягнуць за вушы, або з кім будуць пэўныя дамоўленасці, альбо пэўны кампрамат на іх, альбо яны проста не будуць уяўляць ніякай пагрозы – тыя пройдуць. Сёння стаіць вельмі важнае пытанне: легітымізацыі нават не «парламента» -- легітымізацыі Лукашэнкі. Гаворка ідзе аб індульгенцыі Лукашэнкі з боку цывілізаванай супольнасці. Я хачу спытаць: ці з'яўляецца гэтая індульгенцыя маральнай? Я шмат разоў паўтараў і хачу паўтарыць сёння – Лукашэнка з'яўляецца выклікам усяму цывілізаванаму свету. Нават не ён асабіста так небяспечны, як небяспечная ягоная сістэма. Небяспечны лукашызм. Гэта мы павінныя разумець», -- заявіў Аляксандр Казулін. .
Былы палітвязень таксама заявіў, што калі дэмакратычныя сілы Беларусі заклічуць людзей выходзіць на вуліцы для пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў «парламенцкіх выбараў», то ён гатовы зрабіць тое ж самае.
«Рада Еўропы ў асобе яе старшыні, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы, офіс АБСЕ у Менску неаднаразова заяўлялі аб тым, што ў любой краіне лічыцца натуральным выхад людзей на вуліцы пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў. Людзі выходзяць мірна, каб сказаць, што яны не згодныя з вынікамі выбараў. І ва ўсіх краінах свету ўлады на гэта рэагуюць спакойна.
Калі будзе масавы выхад людзей на плошчу пасля «парламенцкіх выбараў» у якасці пратэсту на фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і ўлада зноў прыменіць рэпрэсіўны апарат прыгнёту, то гэта будзе сведчыць толькі аб тым, што ўва ўлады нячыста з вынікамі і нячыста з сумленнем. Калі дэмакратычныя сілы заклічуць да байкота і здымання кандыдатур на выбарах, заклічуць людзей да выхаду на плошчу для выказвання пратэсту, то я зраблю тое ж самае . Цалкам відавочна, што галасы не лічацца. Вельмі важна паказаць, што твой голас, голас грамадзяніна, можа быць пачуты. Калі ён не падлічаны, то ён павінен быў пачуты.
Я таксама заклікаю, каб, у выпадку, калі будзе відавочна, што выбары збіраюцца фальсіфікаваць, дэмакратычныя сілы прынялі рашэнне па здыманні кандыдатаў з «выбараў». У нас занадта шмат падставаў казаць, што выбары пройдуць несвабодна, недэмакратычна, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. У выпадку, калі выбары будуць падтасаваныя, я заклічу людзей выйсці на плошчу і паказаць, што ўсёткі мы не рабы, што мы не згодныя з тым, каб адбывалася легітымізацыя спадара Лукашэнкі, каб ён кіраваў намі вечна», -- заявіў Аляксандр Казулін.
Казулін лічыць зневажальным "памілаванне" ад Лукашэнкі
Аляксандр Казулін на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў аб сваёй гатовасці вярнуцца ў турму. "Я гатовы вярнуцца ў турму, калі будзе адменены ўказ аб памілаванні", — заявіў палітык. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніякага ўказу прэзідэнта аб памілаванні "у вочы не бачыў".
Па словах А.Казуліна, калі бы не смерць цесця, ён бы адмовіўся выходзіць з турмы. "Я не проста не магу па маральна-этычным меркаванням прыняць указ аб памілаванні. Я бы ніколі не выйшаў да таго часу, пакуль не вызвалілі Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Мяне бы проста выцягвалі з турмы, выкідвалі бы адтуль", — сказаў палітык.
Ён адзначыў, што лічыць памілаванне зневажальным для сябе: "Я адмаўляюся ад памілавання як ад зневажання. Я успрымаю вызваленне як знак справядлівасці, але не ўспрымаю яго ў тым выглядзе, у якім гэта зроблена".
А.Казулін паведаміў, што ягонае вызваленне адбывалася вельмі хутка, "як у хроніцы нямога кіно". "Мне паведамілі аб смерці цесця, потым першы намеснік начальніка калоніі сказаў, што на зборы мне даецца паўгадзіны, загадаў сабраць асабістыя рэчы, кнігі і фатаграфіі. Усе зборы занялі восем-дзесяць хвілін. Спачатку вывелі за межы зоны, а потым вызвалілі "у сувязі з указам прэзідэнта аб памілаванні". Я адказаў, што ўказ не прымаю і ніякіх папер падпісваць не буду. На гэта мне сказалі, што ніякіх папер у іх няма, проста з Менска прыйшоў факс", — распавёў палітык.
За палітыкам працягваюць сачыць спецслужбы
Аляксандр Казулін заявіў: "Калі са мной нешта здарыцца, то не па маёй віне і не па маёй ініцыятыве".
"На сённяшні дзень я вельмі абачлівы, вельмі ўважлівы і асцярожны", — падкрэсліў палітык. Ён таксама заявіў, што здаровы і не мае "медыцынскіх паказанняў да інсультаў або інфарктаў".
Па словах Казуліна, у яго маецца дакладная інфармацыя аб тым, што "у КДБ створанае спецыяльнае падпадзяленне з 15—20 чалавек, якія займаюцца выключна мной і маёй сям'ёй". "Мяне не пакідаюць у спакоі пасля выхаду з месцаў зняволення. Я знаходжуся пад каўпаком. За мной пастаянна ездзяць тры машыны суправаджэння, усе тэлефоны праслухоўваюцца", — заявіў палітык.