BE RU EN

Пасля вызвалення палітвязняў улады вінныя выканаць яшчэ 11 умоваў Еўразвязу

  • Алесь Класкоўскі, БелаПАН
  • 21.08.2008, 8:39

20 жніўня 2008 году ўжо можна лічыць гістарычнай вяхой. Беларускае кіраўніцтва цалкам выканала адно з 12 умоваў Еўразвязу.

Пасля Аляксандра Казуліна, вызваленага з калёніі раней на некалькі днён, на волю вышлі Сяржук Парсюкевіч і Андрэй Кім. Усё, Захад можа згамтаць і выкінуць у кошык свой спіс беларускіх палітвязняў. Няўжо сапраўды — усё?

Стоп, толькі без эйфарыі! Узгадаем: узімку мы былі ўжо сведкамі "пакетнага" вызвалення "палітычных" — Аўтуховіча, Дашкевіча, Фінькевіча і іншых. Але працэс заела менавіта на Казуліне. У выніку — вока за вока, зуб за зуб! — разгарэлася сапраўдная дыпляматычная вайна з Амэрыкай і ўвесь план нармалізацыі стасункаў з Захадам паляцеў пад адхон.

І вось што паказальна: спіс "палітычных" адразу ж папоўніўся. Акурат тымі сама Кімам і Парсюкевічам, якіх цяпер шырокім жэстам вызвалілі. Тады ж, увесну, іх, удзельнікаў зімовых вулічных выступаў прадпрымальнікаў, вырашылі, па меркаванні аналітыкаў, пакараць узорна-паказальна. Маўляў, калі ўжо не атрымалася з заходнікамі дамовіцца, то хоць сваіх апазыцыянераў папалохаць трэба, а то, глядзі, расціўкаліся пра "адлігу"!

Такім чынам, пакуль што мы бачым з боку беларускай улады сімвалічныя жэсты, якія фактычна ня маюць дачынення да дэмакратызацыі і выканання правоў чалавека. Гэта толькі ліквідацыя тых анамаліяў (накшталт: былы кандыдат у прэзідэнты — за кратамі!), якія больш за ўсё мазолілі вочы Захаду.

Але аб прынцыповым спыненні пераследу апанентаў улады, змене да лепшага рамачных умоваў унутрапалітычнага жыцця, стварэнні глебы для сапраўды канкурэнтнай палітыкі пакуль што казаць няма падставаў. І таму Еўропа, ЗША у заявах сваіх прадстаўнікоў сёння падкрэсліваюць, што чакаюць ад Менску новых крокаў.

У прыватнасці, сярод 11 астатніх умоваў Брусэля — паляпшэнне ўмоваў для недзяржаўнай прэсы. Пакуль жа мы сталі сведкамі прыняцця рэпрэсіўнага, па меркаванні незалежных медыйных экспертаў, новага закону аб СМІ. Калі ж ў краіне няма магчымасці публічна артыкуляваць меркаванні, што адрозніваюцца ад "генеральнай лініі", казаць аб дэмакратыі не прыходзіцца па азначэнні.

Па меркаванні незалежных аналітыкаў, наступнае развіццё сюжэту стасункаў Менску з Еўропай будзе ў значнай ступені вызначацца расейскім фактарам. Так, беларускае кіраўніцтва вельмі жадала бы падпаліць лёд у адносінах з Захадам: атрымаць інвестыцыі, тэхналёгіі, наогул — забяспечыць тыл перад націскам усходняй "энергетычнай імперыі". Але разам з тым тут жадалі бы абмежавацца менавіта сімвалічнымі крокамі і касметычнымі зменамі. Улады не гатовыя да сапраўднай дэмакратызацыі — і таму, натуральна, ніякага прарыву на Захад у любым выпадку ня будзе. Будзе нясцерпны палітычны гандаль.

Ды і ён можа сырвацца ў любы момант, калі з асаблівым запалам пачне выкручваць рукі Масква, п’яная ад "вікторыі на Каўказе". У яе — свае пляны "уставання з каленаў", "асіметрычнага адказу" на размяшчэнне ў Еўропе элементаў супрацьракетнай абароны ЗША і г. д. І уцягванне Беларусі ў гэтыя геапалітычныя "разборкі" з мілітарысцкім адценнем могуць перакрэсліць перспектывы размарожвання стасункаў Менску з Захадам.

Так што для Беларусі цяпер — чарговая кропка біфуркацыі. Час выбару, калі казаць прасцей. Маё асабістае меркаванне: кіраўніцтва абярэ тактыку манеўравання, гульні на супярэчнасцях паміж Расеяй і Захадам. Так што ў сферы знешняй палітыкі Беларусі нас чакае звілісты сюжэт з нявызначанай перспектывай.

Апошнія навіны