Сяргей Панькоўскі: «Казуліна могуць у любы момант вярнуць у турму»
- 21.08.2008, 13:51
«Я асабіста вельмі высока шаную рашэнне беларускіх улад вызваліць палітвязняў. Утрымліваць іх у турмах было абсалютна амаральна. Аднак не варта перабольшваць значэнне гэтага здарэння», -- лічыць беларускі палітолаг Сяргей Панькоўскі.
«Асновы беларускага рэжыму застаюцца непарушнымі. Вызваленне палітвязняў – «касметычныя» крокі, якія, вядома, пазітыўныя, але пры гэтым не змяняюць характар самога палітычнага рэжыму. Я не веру, што Лукашэнка захоча ініцыяваць рэфармаванне палітычнай сістэмы, якая склалася», -- кажа палітолаг ў інтэрв'ю "БДГ"
Па ягоным меркаванні, на вызваленне палітвязняў улада пайшла пад ціскам, «гэта было добра відаць».
«Але ёсць мяжа, пераступаць якую афіцыйны Менск не захоча. Наша ўлада не дапусціць з'яўлення ў краіне сумленнай палітычнай канкурэнцыі – гэта супярэчыць той сістэме, якая ў краіне сфармавалася. Сутнасць беларускага рэжыму складаецца ў тым, што ён не жадае ўдасканальвацца.
У Беларусі няма незалежнага суду, адсутнічае свабода слова. І пакуль пераўтварэнні ў гэтым напрамку не будуць ажыццёўленыя, свабода Казуліна (і любога іншага палітычна актыўнага чалавека) у нашай краіне не можа быць гарантаваная. Мы жывем пры такім палітычным рэжыме, які ў любы момант можа вярнуць Казуліна назад у турму», -- заявіў Сяргей Панькоўскі.