BE RU EN

Склад участкавых камісіяў невядомы ні выбарнікам, ні акругавай камісіі

  • 22.08.2008, 11:48

Улады ўтойваюць склад участкавых выбарчых камісіяў. Вядома, што па ўсёй краіне ў камісіі ўключаныя толькі 47 прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў.

Выканкамаўская газета «Гарадокскі веснік» 16 жніўня апублікавала пастанову Гарадокскага раённага выканаўчага камітэту «Аб утварэнні ўчасткавых выбарчых камісіяў участкаў для галасавання па выбарах дэпутата «палаты прадстаўнікоў» без спасылкі на нумар пастановы і дату ейнага прыняцця.

Сама пастанова была апублікаванай ня цалкам. Апублікаваны склад толькі 3 з 34 (!) участкавых выбарчых камісіяў. Працяг рушыў ўслед 19 жніўня (аўторак, №64). Газета апублікавала склад яшчэ 14 участкавых выбарчых камісіяў. Асабісты склад 17 участкавых выбарчых камісіяў Гарадокскага раёну Віцебскай вобласці не даведзены да выбарнікаў. Наступны нумар газеты «Гарадокскі веснік» вінен выйсці толькі 23 жніўня, паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Чалец акругавай выбарчай камісіі Віцебскай сельскай выбарчай акругі №21 Вадзім Вішнеўскі 21 жніўня растлумачыў, што ў камісіі такіх дадзеных няма, і парэкамендаваў звярнуцца ў раённы выканаўчы камітэт г.Гарадка. Такім чынам, поўны склад утвораных участкавых выбарчых камісіяў у Гарадокскім раёне не даведзены ў акрэслены выбарчым заканадаўствам тэрмін не толькі да выбарнікаў, але і да чальцоў акругавай выбарчай камісіі.

Скаргу на дадзенае парушэнне выбарчага закону ў ЦВК 21 жніўня накіраваў назіральнік Павал Лявінаў.

У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам Беларусі каляндарным плянам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў”, утварэнне ўчасткавых выбарчых камісіяў вінная адбыцца не пазней за 13 жніўня.

Пастановы аб утварэнні ўчасткавых камісіяў з указаннем іхніх складаў, месца знаходжання, нумароў тэлефонаў вінныя былі быць апублікаванымі ў сямідзённы тэрмін пасля ўтварэння.

Апошнія навіны