BE RU EN

75% «беларускай» музыкі будуць круціць на радыё ў прайм-тайм

  • 28.08.2008, 11:09

У Міністэрстве інфармацыі Беларусі лічаць, што з 15 верасня зацверджаная квота ў 75% беларускай музыкі ў радыёэфіры вінная выконвацца ў прайм-тайм.

Рэкамендацыі былі данесенымі да кіраўнікоў беларускіх FM-радыёстанцыяў. Прамова аб новаўводзінах адбывалася падчас круглага стала ў рэдакцыі газеты "Савецкая Беларусь".

Ва ўпраўленні электронных СМІ міністэрства інфармацыі не пацвердзілі і не аспрэчылі інфармацыю аб змене ўмоваў выканання квоты ў 75%, прынятай у 2005 годзе, паведамляе «Тэлеграф» з спасылкай на «Тузiн Гітоў».

Некаторыя з удзельнікаў круглага стала, сярод якіх музычныя рэдактары радыёстанцыяў "Радыус-FM" і "Радыё Unistar", пагадзіліся з магчымымі новаўводзінамі. "Зараз нам будзе яшчэ прасцей у пляне адбору беларускай музыкі. Мы будзем ставіць толькі якасны прадукт. Цешыць тое, што існуе шмат беларускамоўных выканаўцаў", - заявіў Эміль Джафараў з "Радыё Unistar".

Музычны рэдактар "Альфа-Радыё" Андрэй Халадзінскі прытрымваецца іншага меркавання. "Баюся, мы зусім ня зможам зарабляць. Бюджэтным радыёстанцыям, такім, як "Радыус", "Мір", усё адно, а камерцыйным неабходна неяк зарабляць на сваё існаванне. Такое патрабаванне можа прывесці да адтоку рэклямадаўцаў", - адзначыў Андрэй Халадзінскі.

"Гэтае патрабаванне адназначна ўскладніць жыццё праграмным дырэктарам. Мне і так кажуць, што ў Беларусі радыё амаль ніхто не слухае, бо ўсе радыёстанцыі круцяць адно і тое ж", - выказаў сваё меркаванне былы генеральны дырэктар "Альфа-Радыё", а цяпер дырэктар станцыі "Рускае радыё – Украіна" Сяргей Кузін.

Па ягоным словам, на Ўкраіне існуе квота ў 50% на нацыянальную музыку. "На Ўкраіне гэта апраўдваецца змаганнем за самаідэнтыфікацыю нацыі, якая вядзецца на ўкраінскай мове. У Беларусі ў мяне не было магчымасці вывучыць беларускую мову. А якая розніца спажыўцу, з якой краіны выканаўцы, калі яны ўсё спяваюць па-расейску. Рашэнне можна было б неяк растлумачыць, калі б песні выконваліся на роднай мове", - зазначыў Сяргей Кузін.

Апошнія навіны