Непрызнаная Абхазія памкнулася ў непрызнаны «саюз» Расеі і Беларусі
- 29.08.2008, 12:39
Абхазіі маецца правесці вялікую карпатлівую працу ў кірунку прызнання ейнай незалежнасці іншымі краінамі, заявіў міністар замежных справаў непрызнанай рэспублікі Сяргей Шамба.
"Абхазія можа ўвайсці ў “саюзную дзяржаву” Расеі і Беларусі, дзякуючы чаму рэспубліка можа атрымаць доступ да міжнародных арганізацыяў", - сказаў З.Шамба ў пятніцу, выступаючы на сэсіі парлямента ў Сухумі.
Пры гэтым ён назваў важнай гістарычнай падзеяй прызнанне незалежнасці Абхазіі Расеяй - сталым чальцом Рады бяспекі ААН і ядзернай дзяржавай.
Ён таксама заявіў аб намеры рэспублікі супрацоўнічаць з Расеяй у сферы бяспекі.
"Для нас галоўнае - бяспека нашых грамадзянаў і эканамічны росквіт краіны. Гэтыя два пытання мы будзем вырашаць з Расейскай Федэрацыяй, калі нават астатні свет нас ня будзе доўга прызнаваць", - сказаў кіраўнік МЗС Абхазіі.
Пры гэтым ён заявіў аб гатовасці рэспублікі падаць сваю тэрыторыю для размяшчэння расейскіх вайскоўцаў у выпадку падпісання з Масквой адпаведнай дамовы. "Наўзамен мы жадаем толькі гарантыяў бяспекі", - сказаў З.Шамба.