Конкурс на «дэпутацкае» месца – 2,5 чалавека на месца
- 29.08.2008, 16:18
Кандыдатамі ў дэпутаты «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» зарэгістраваныя 276 чалавек (усяго вылучалася 365 чалавек). Конкурс на «дэпутацкае» месца складзе 2,5 чалавекі на месца.
Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі 29 жніўня паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Нагадаем, што ў 2000 г., калі апазыцыя байкатавала выбары, на дэпутацкі мандат прэтэндавала ў сярэднім 5,3 чалавекі, у 2004 — 3,26. Сёлета будзе пабіты антырэкорд, паведамляе «Наша Ніва».
Па выніках працы акруговых камісій 27‑28 жніўня 84 прэтэндэнтам было адмоўлена ў рэгістрацыі, што складае 23% ад агульнай колькасьці. Галоўнай прычынай адмоваў зьяўляюцца няправільна сабраныя подпісы (напрыклад, ад жыхароў розных выбарчых акругаў). Другая прычына — няправільна запоўненыя дэклярацыя. Хаця тут, як прызналася Ярмошына, акруговыя камісіі дзейнічалі «занадта строга». Яна прывяла прыклада аднаго з кандыдатаў, якому ў правіну паставілі паставілі незадэкляраваны матацыкл, які даўно згарэў (хутчэй за ўсё маецца на ўвазе камуніст Аляксандар Апанасюк з Століну).
Пяць чалавек добраахвотна зьняліся з дыстанцыі, у тым ліку дэпутаты «палаты» сёньняшняга скліканьня — Сяргей Касьцян, Анатоль Красуцкі, Мікалай Чурсін.
Рэгістрацыю ў якасьці кандыдата жаўнера тэрміновай службы з Кажан‑Гарадка Віталя Каратыша Ярмошына назвала «росквітам дэмакратыі». Хлопцу на час выбарчай кампаніі далі месячны адпачынак у вайсковай часьці.
Скаргі на адмову будуць разглядацца зь серады, кажа Л. Ярмошына. Ужо пададзена дзевяць скаргаў.
Старшыня ЦВК выказала шкадаваньне, што ў якасьці кандыдату па Ваўкавыску ня быў зарэгістраваны граф Прушынскі. «Шкада, маглі б атрымацца цікавыя выбары па гэтым участку».
Ярмошына таксама сказала, што ня ведае, чаму Вінцуку Вячорку і Віктару Івашкевічу адмоўлена ў рэгістрацыі. «Са мной па гэтым пытаньні не кансультаваліся», — кажа старшыня ЦВК.
Спадарыня Ярмошына зазначыла, што сёлета на «выбарах» прадстаўнікоў ад партый зьменшылася амаль у тры разы. У 2008 г. 118, супраць 316 у 2004 г.
Ідзе на «выбары» 38 былых «дэпутатаў». Такім чынам як мінімум склад «палаты прадстаўнікоў» адновіцца на 65%.
Лідзія Ярмошына зазначыла, што восем акругаў будуць безальтэрнатыўнымі: Наваполацкая, Рагачоўская, Пінская‑вясковая, Ваўкавыская, Наваградзкая, Маладзечанская-вясковая, Івацэвіцкая.
Найменшы «конкурс» сярод кандыдатаў у «дэпутаты» будзе на Гарадзеншчыне, нават меней чым два чалавекі на месца (13 акруг — 20 кандыдатаў). Найбольш конкурс на Магілёўшчыне і ў Менску, у некаторых акругах тут больш чым чатыры кандыдаты.
На пытаньні, ці згодная ЦВК прыняць падарунак ад заходніх краін у выглядзе ў празрыстых скрыняў, Ярмошына адказала: «Параўноўваць залежнасьць выбараў ад празрыстасьці скрыняў — гэта тое самае, што сьцьвярджаць, быццам жанчына, на якой менш вопраткі, мае больш адкрытую душу і чыстыя думкі, чым тая, якая ходзіць у наглуха зашпіленым швэдры. Галоўнае, што знаходзіцца ў гэтай скрыні. Нельга вызначыць зьнешне, што там — папера ці выбарчыя бюлетэні».