BE RU EN

Памёр Аляксандр Салжаніцын. Беларусы ўзгадваюць расейскага пісьменніка

  • 4.08.2008, 14:10

Смерць Аляксандра Салжаніцына прымусіла шматлікіх загаварыць аб ім, як аб постаці супярэчлівай. Апошнія дзесяцігоддзі ягонай творчасці былі вельмі спрэчнымі.

Ягоны погляд на «уладкаванне» Расеі выклікаў справядлівае абурэнне грамадзян суверэнных дзяржаў Беларусі і Ўкраіны. Але пры гэтым Салжаніцын застаецца пісьменнікам, які адкрыў вочы людзям на страшную праўду сталінскіх рэпрэсій.

Вядомыя беларусы ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 - аб Аляксандры Салжаніцыне.

«Даведаўшыся аб смерці Аляксандра Салжаніцына, я падышоў да сваіх кніжных паліц і паглядзеў на той трохтомнік «Архіпелаг ГУЛАГ» сталёвага колеру, які быў мною набыты ў 1998 годзе і адразу прачытаны, па той прычыне, што абодва маіх дзеда, і па маці і па бацьку, сталі ахвярамі сталінскага тэрору. Безумоўна, Салжаніцын застаецца ў гісторыі як аўтар, першым чынам, «Архіпелага ГУЛАГА», як пісьменнік і, я бы сказаў, як гісторык, дзякуючы якому свет пазнаў аб падзеях у савецкай імперыі ў часы сталіншчыны. Але дзеля справядлівасці я павінен сказаць, што першым гучна сказаў свету пра злачынствы бальшавізму ў то час наш з вамі суайчыннік Францішак Аляхновіч, вядомы драматург, таксама вязень ГУЛАГа, які быў асуджаны на 10 гадоў Салаўкоў, але ў 1933 годзе быў абмяняны на палітыка і асветніка Браніслава Тарашкевіча, вязня польскіх турмаў. У 1937 годзе выйшла кніга Францішка Аляхновіча “У кіпцюрах ГПУ”, якая выйшла на 7 мовах у Еўропе і Амерыцы.

Пры ўсёй павазе да Салжаніцына я магу сказаць, што гэты чалавек меў імперскае мысленне. Мы ўсе добра памятаем ягоную працу пад назвай “Як нам уладкаваць Расею”, у якой Салжэніцын адмаўляў незалежнасць і Беларусі, і Ўкраіны», -- сказаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 беларускі пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў.

«Вядома, смерць Аляксандра Салжаніцына – гэтае вялікае гора. Як бы ні ставіліся да яго, але трэба памятаць аб галоўным: гэта быў адзін з тых людзей, якія прынеслі нам у свой час тую праўду, якую мы ўсе баяліся пачуць. Калі мне было гадоў чатырнаццаць, я ўпершыню прачытаў аповесць “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”. Здаецца, я тады мала што зразумеў, але тым не менш, гэта быў першы ў маім жыцці сігнал, што не ўсё ў парадку ў жыцці, якім мы жылі.

Салжаніцын быў вялікім выпрабаваннем для грамадства. Вось і зараз мы назіраем, як людзі кажуць, што Салжаніцын быў вялікім чалавекам. Але давайце ўспомнім, як гэтага жа Салжаніцына ў 1960-я – 70-я гады цкавалі, як грамадства праводзіла сходы асуджэння пісьменніка, як уся краіна кляйміла яго. А чаму жа тады практычна ніхто, акрамя Растраповіча, які прытуліў яго на сваёй дачы, не стаў на яго абарону? Чаму так адбываецца? Значыць, нешта не так у гэтым грамадстве, якое так хутка і ўздымае на шчыт людзей, і так хутка зрынае іх з гэтага шчыта, а пасля зноў туды жа ўздымае. Гэта сведчыць аб няспеласці таго грамадства, у якім мы жывем.

Я крытычна ставіўся і стаўлюся да апошняга этапу творчасці Аляксандра Салжаніцына. Я не разумеў і не разумею дагэтуль ягоных поглядаў на расейскую імперыю, на тое, як ён разглядаў прызначэнне Беларусі як прыдатка Расеі. Гэтак жа ён глядзеў і на Ўкраіну. Ён, уласна кажучы, стаў у апошнія гады базісам для новай хвалі рускага шавінізму. І тым не менш я прызнаю, што гэта вялікі чалавек, які зрабіў для нас шмат у свой час – раскрыў нам вочы», -- сказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» вядомы беларускі кінарэжысёр Юрый Хашчавацкі.

«На мой погляд, сышоў з жыцця чалавек, які аказаў вельмі магутны ўплыў на фармаванне не толькі ўсіх пластоў насельніцтва, але і на творчых шлях вельмі шматлікіх людзей. Я упершыню прачытаў «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» у 1984 годзе і знаходзіўся некаторы час у шоку ад таго, што я прачытаў. Я і сёння лічу гэты твор адным з наймацнейшых твораў, якія былі напісаныя ў той перыяд часу. Салжаніцын змог лёгка пераходзіць мяжу паміж мастацкім і гістарычным. Ягоная гістарычная проза мела высокі мастацкі сэнс, а ягоныя мастацкія пошукі заўсёды валодалі высокім грамадзянскім сэнсам, які ўплываў на чытачоў. Можна па-рознаму ставіцца да палітычных поглядаў Аляксандра Ісаевіча, але чаго ў яго не адабраць – ён заўсёды быў чалавекам з вельмі цвёрдай і выразнай пазіцыяй. Калі казаць аб калібры асобы, то сёння дэфіцыт такога ўзроўня людзей не толькі ў расейскай рэчаіснасці, але і ў свеце. А калі казаць аб Салжаніцыне як аб пісьменніку, то можна сказаць, што сышоў адзін з апошніх аўтараў Вялікага стылю», -- заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 драматург, кіраўнік беларускага «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін.

Апошнія навіны