Шантаж – справа тонкая
- 6.08.2008, 9:31
Беларускае кіраўніцтва ў экстраным парадку рыхтуецца да новых перамоваў з Расеяй па энэргэтычных і фінансавых пытаннях, якія пачнуцца 14 жніўня ў Маскве сустрэчай прэм’ер-міністраў Сяргея Сідорскага й Уладзіміра Пуціна.
Гэтыя перамовы абяцаюць быць няпростымі, хаця б таму, што Беларусь ужо падвысіла кошт транзыту расейскай газы праз сваю тэрыторыю – адпаведнае пагадненне падпісалі “Газпрам” і “Белтранс”. Праўда, канкрэтныя лічбы пакуль не абвяшчаюцца. Але беларускія ўлады завяраюць, што пайшлі на гэты крок у адказ на падвышэнне кошту расейскай газы за другі квартал 2008 году з 117 да 128 даляраў за тысячу кубаметраў, зазначае газэта«Новые Известия».
Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімір Сямашка надоечы паведаміў на прэс-канферэнцыі, што “Газпрам” разлічыўся за транзыт “блакітнага паліва” ў першых паўгодках у памеры 105 мільёнаў даляраў”, удакладніўшы, што частка гэтых грошаў пайшла на кампенсацыю росту кошту газы. Пры гэтым спадар Сямашка падкрэсліў, што кошт у 128 даляраў за тысячу кубаметраў застанецца для Беларусі да канца 2008 году. Але Менск, здаецца, ня хоча супокоіцца на дасягнутым. Так, беларускі бок ставіць пытанне аб змяненні самой формулы кошту на газу – наўзамен на допуск расейскіх кампаніяў, у тым ліку дзяржаўнай “Раснафты”, да прыватызацыі нацыянальных нафтахімічных прадпрыемстваў.
Нагадаем: “газавыя пытанні”, што з’явіліся ў стасунках паміж Масквой і Менскам, рэгулююцца згодна “навагоднему” пагадненню ад 31 снежня 2006 году, і кошт расейскае газы для Беларусі базуецца на кошту, па якому “блакітнае паліва” прадаецца ў Польшчы. Гэта значыць, калі да пачатку 2009 году кошт на газу, якую прадаюць палякам, як ужо абяцаў кіраўнік “Газпраму” Аляксей Мілер, падвышаецца да 500 даляраў за 1 тыс. куб. м, то беларусам прыйдзецца плаціць адпаведна ўжо 240 даляраў за 1 тыс. куб. м.
Эксперт менскага некіраўнічага аналітычнага цэнтру “Заўтра тваёй краіны” Міхаіл Залесскі ў размове з карэспандэнтам “НИ” падкрэсліў, што дамова 2006 году аб газе была не эканамічнай, але палітычнай, і можа змяняцца не па эканамічных, але адно па палітычных прычынах. Наступствы дэмаршу афіцыйнага Менску, які падвысіў кошт транзыту расейскай газы, як мяркуе эканаміст, могуць быць вельмі рознымі: “Нам могуць “заляпіць” эўрапейскі кошт на газу, а могуць і прапанаваць аплочваць зніжаныя тарыфы”, - разважае Міхаіл Залесскі. – “Але ў беларусаў ёсць шанец перамагчы прышлыя баталіі”. Як мяркуе аналітык, прадметам гандлю (торгу) хутчэй за ўсё будуць пытанні вайскова-стратэгічгага характару. Гэта асабліва актуальна пасля закліку прэзідэнта Летувы да амерыканцаў змясціць на тэрыторыі сваёй краіны аб’екты СРА, якія раней меркавалася змясцьць у Польшчы. Акрамя таго, Залесскі ўважае, што беларускімя ўлады змогуць шантажаваць Маскву магчымасцю вайсковага супрацоўніцтва наўпрост з Захадам.