Рух «За Свабоду» не зарэгіструюць
- 6.08.2008, 16:42
Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі праваабарончага асветніцкага грамадскага аб'яднання (ПАГА) "Рух "За Свабоду".
Аб гэтым БелаПАН паведаміў адзін з сябраў аргкамітэта па стварэнні аб'яднання Юрый Губарэвіч.
Нагадаем, сябры аргкамітэта 15 ліпеня падалі скаргу ў Вярхоўны суд на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі аб'яднання. Заснавальнікі лічаць незаконным рашэнне Мінюста ад 19 чэрвеня аб адмове ў рэгістрацыі ПАГА на падставе парушэння сябрамі руху патрабаванняў заканадаўчых актаў да пачатку яго афіцыйнай дзейнасці.
"У лісце, атрыманым 19 чэрвеня, чыноўнік міністэрства аналізуе выступы і публічныя заявы Аляксандра Мілінкевіча і іншых прадстаўнікоў руху. У выніку ён прыходзіць да высновы, што рэальныя мэты стварэння і дзейнасці аб'яднання не адпавядаюць заяўленым у статуце. Рэальнымі завуцца палітычныя, а не праваабарончыя мэты стварэння руху. А рэальныя мэты, лічаць яны, не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства", — сказаў Ю.Губарэвіч.
Па ягоных словах, гэтыя прэтэнзіі Міністэрства юстыцыі суд адхіліў. "Рашэнне аб адмове ў задавальненні скаргі засноўваецца на тым, што чалавек, які падаў нам юрыдычны адрас, няправільна аформіў дакументы на падаванне арганізацыі юрадраса. Нам было адмоўлена толькі на гэтай падставе. Гэта значыць ва ўсіх астатніх спрэчных момантах суд прызнаў няправасць Мінюста", — падкрэсліў Ю.Губарэвіч.
"Мы па-ранейшаму спробамі прайсці афіцыйную рэгістрацыю дэманструем жаданне працаваць у прававым полі. Мы і ў наступным будзем праводзіць устаноўчыя сходы і бясконца падаваць дакументы на рэгістрацыю", — сказаў палітык.
Гэта ўжо трэцяя няўдалая спроба зарэгістраваць рух "За Свабоду".