Праваабаронцы: Прэтэндэнтаў у кандыдаты «адсеівалі» ў закрытым рэжыме
- 1.09.2008, 15:43
Адсотак нерэгістрацыі дэмакратычных кандыдатаў на "парламенцкіх выбарах" надзвычай высокі.
Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску заявілі віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак і вядомы праваабаронца, сябра БХК Гары Паганяйла.
Як паведаміў Алесь Бяляцкі, з 365 чалавек, якія падалі дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты, не прайшлі рэгістрацыю 84 чалавекі. Гэта складае 25 адсоткаў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў. "Гэта неверагодна вялікі адсотак. Ні ў адной суседняй з Беларуссю краіне - ні ва Ўкраіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы - не бывае на выбарах такога масавага "адсеву". Цяпер у Беларусі 2,5 кандыдата на акругу - гэта смяхотна мала. Толькі цяпер у 12 акругах "выбары" будуць безальтэрнатыўнымі. Але, улічваючы, што Партыя БНФ збіраецца здымаць сваіх кандыдатаў да 23 верасня, а гомельскія дэмакраты ўжо зняліся з "выбараў", то адназначна, што такіх безальтэрнатыўных акруг будзе значна больш", -- сказаў Алесь Бяляцкі.
Улічваючы, што са спіса ад апазіцыйных партый не прайшлі рэгістрацыю 22 чалавекі, а з Еўрапейскага спіса 28 чалавек, то ад агульнай колькасці дэмакратычных кандыдатаў (149 чалавек) не прайшлі рэгістрацыю 50 чалавек, гэта значыць 33,5 адсотка.
"Гэта незвычайна высокі адсотак. Таму ўладам сёння няма чаго хваліцца, што ў нас усё адбывалася ў больш лаяльных умовах, чым у 2004. Тады не былі зарэгістраваныя 44 адсоткі дэмакратычных кандыдатаў, калі паніжэнне і адбылося, то малаважнае. Але на гэтых "выбарах" не прайшоў рэгістрацыю кожны трэці! Сітуацыю пагаршае рашэнне дэмакратаў здымацца ў "выбараў" з-за недэмакратычнасці выбарчага працэсу. Колькасць безальтэрнатыўных акругаў рэзка павялічыцца, і гэта ставіць пад пытанне ўвесь "выбарчы працэс". Вінаватымі ў гэтым з'яўляюцца дзеянні ўлад, якія арганізавалі такія "выбары". Судзячы па адсотку незарэгістраваных дэмакратычных кандыдатаў, казаць аб дэмакратычнасці "выбарчага працэсу" не прыходзіцца", -- заявіў віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека.
Старшыня Беларускага Хельсінскага Камітэта Алег Гулак адзначыў, што працэс разгляду дакументаў для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты адбываўся ў закрытым рэжыме. Назіральнікаў БХК не дапусцілі на паседжанні акруговых камісій, хаця яны былі зарэгістраваныя пры іх.
«Не была празрыстай працэдура рэгістрацыі. Назіральнікам не дазволілі прысутнічаць пры праверцы паданых дакументаў на рэгістрацыю. Кандыдаты кажуць, што іх знялі незаконна, але мы не можам гэта ніяк ацаніць, ёсць сумневы, што ўсё адбывалася законна. Калі ўсё законна, то чаму б не дапусціць назіральнікаў? Зараз адбываецца абскарджванне нерэгістрацыі ў ЦВК і Вярхоўным судзе», -- паведаміў АлегГулак.
Праваабаронца таксама адзначыў «цяжкую атмасферу» «выбарчай кампаніі». «Працягваецца запалохванне кандыдатаў у дэпутаты і іх каманд з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурса і праваабарончых органаў», -- адзначыў Алег Гулак.