Незалежны кандыдат Сяргей Кузьмянок: «Толькі абсалютны байкот і ніякіх асабістых амбіцый!»
- 11.09.2008, 8:38
«Удзельнічаць у такім спектаклі як гэтыя «выбары» няма сэнсу», -- заявіў незалежны кандыдат у дэпутаты ад адной з гарадзенскіх акругаў Сяргей Кузьмянок.
Кандыдат у дэпутаты адказаў на пытаньні сайта Bulletinonline.org.
– Працягваецца «выбарчая кампанія». Якія ўражанні?
– Па-першае, гэта не «выбарчая кампанія», а пародыя на яе. Хаця б таму, што ў палове гарадзенскіх акругаў толькі па аднаму кандыдату ад улады. Так што выбару ніякага, п’еса выбараў для іх напісана, галоўныя ролі будуць іграць пенсіянеры. І пісаць законы для нас таксама будуць яны. Выбары ў поўным сэнсе гэтага слова падразумяваюць і роўнасць усіх у выкарыстанні сродкаў, дазволеных выбарчым заканадаўствам. Я пакуль сутыкаюся толькі з перашкодамі ў правядзенні агітацыйнай кампаніі. Паколькі мае агітацыйныя матэрыялы пакуль не надрукаваны, вымушаны быў вешаць абвесткі аб сустрэчах, напісаных самастойна. А ўслед за мной ішлі людзі і здзіралі, заклейвалі гэтыя аб’явы. У нас ёсць нават здымкі, як яны гэта рабілі. Цяпер вось мяне выклікаюць у выбарчую камісію, быццам такім чынам я парушаю заканадаўства.
Перашкоды ладзяцца на кожным кроку. Прычым яны не ў лоб, а быццам з-за вугла, у спіну. Ну, напрыклад, прыходжу на прадпрыемства дамовіцца наконт выступу, а мяне адсылаюць да вышэйшага кіраўніцтва ўстановы, ці просяць прынесці дазвол ад мясцовай улады. І ўсе стараюцца хуценька перарваць кантакт, збегчы, каб, крый Божа, хто не данёс, што размаўлялі са мной. У краіне ўвогуле адсутнічае ініцыятыва, яна паралізавана загадамі.
– У Вашай акрузе, як нідзе, было пяць кандыдатаў у "палатку"…
– Так, а засталося чатыры. Зняўся цяперашні дэпутат Сяргей Камянецкі.
– Што Вы наконт гэтага думаеце?
– Яму, відаць, "парэкамэндавалі"… Вось і паказаў, як ставіцца да сваіх выбаршчыкаў. Іншымі словамі – яны пустое месца. І гэта пасля выказвання, што ён "дзяржаўны чалавек
– Напярэдані выбараў дэмакратычным сілам трэба было б згуртавацца, а ў іх што ні дзень, дык новая тактыка…
– Разумееце, гэта «аб’яднаныя» сілы, а не адзіныя. Дык чаго Вы хочаце…
– «Выбары» трэба байкатаваць?
– Калі дзяржава і далей будзе ладзіць перашкоды, то – адназначна – удзельнічаць у гэтым спектаклі няма ніякага сэнсу. І калі байкатаваць, то зноў такі разам, па ўсіх акругах. Можа ў такім разе людзі задумаюцца: а чаму? Калі ж атрымаецца, што ў адных байкатавалі, а ў некаторых прадстаўнікі АДС прынялі ўдзел у "выбарах", дык афіцыйная прапаганда прыпаднясе гэта, як "выбары адбыліся ў аднолькавых умовах". Таму толькі абсалютная адмова ад удзелу і ніякіх асабістых амбіцый.
– А як Вы расцэньваеце факт, што кандыдатамі сталі многія апазіцыянеры?
– Гэта цукерка, якую смокчуць самі выбарчыя камісіі. Яны ж разумеюць, што ўсё вырашаецца пры падліку галасоў. У іх ужо ёсць апрабаваны мінулымі “выбарамі” сцэнар махлярства.
– Ці можна з гэтым змагацца?
– Толькі ў выпадку роўных умоў на час агітацыйнай кампаніі. Але галоўнае змяніць Выбарчы кодэкс наконт членства ў гэтых камісіях. Праўдзівага падліку можна дабіцца толькі ў выпадку, калі у іх будуць прадстаўнікі ад кожнага кандыдата акругі. І, безумоўна, адмяніць датэрміновае галасаванне, а заадно і выносныя ўрны.
– Аб чым Вы шкадуеце?
– Шкада Беларусі. Сапраўдныя грамадзяне краіны павінны наладзіць жыццё па свайму розуму. Разам, адзіным жаданнем. Тады гэта сапраўды дзяржава і нацыя.