BE RU EN

Лукашэнка плануе змагацца з НАТА з дапамогай Кітая?

  • 11.09.2008, 12:43

Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб вялікіх перспектывах у развіцці беларуска-кітайскіх адносінаў, лічачы ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва адным з прыярытэтных, а таксама адзначае, што яго «насцярожвае пашырэнне НАТА».

"У нас усталяваліся вельмі добрыя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай, і ў гэтых адносінаў ёсць вялікія перспектывы. Гэтыя добрыя адносіны датычацца ўсіх сфераў супрацоўніцтва, пачынальна ад палітыкі і сканчаючы ваенна- тэхнічным супрацоўніцтвам", - заявіў А.Лукашэнка, сустракаючыся ў Менску з міністрам абароны КНР - генерал-палкоўнікам Ляном Гуанле.

Кажучы аб сустрэчы з старшынём КНР Ху Цзіньтао, якая прайшла ў жніўні бягучага года ў Пекіне, А.Лукашэнка заявіў міністру аб сваёй прапанове кітайскаму боку "стварыць адмысловую групу, якая выпрацуе цэласныя прапановы па развіцці супрацоўніцтва, каб гэтыя прапановы былі глабальныя і перспектыўныя". Паводле словаў беларускага кіраўніка, "супрацоўніцтва ў ваеннай сферы, у сферы ВТС будзе адным з краевугольных камянёў у нашым глабальным супрацоўніцтве".

А.Лукашэнка канстатаваў, што на сённяшні дзень "становішча ў Еўропе, на Захадзе не зусім спрыяльнае". "Нас вельмі насцярожвае пашырэнне блока НАТА і размяшчэнне ў нашых межах элементаў супрацьракетнай абароны, іншыя ваенныя тэндэнцыі нашых супернікаў", - адзначыў беларускі кіраўнік. У гэтай сувязі, паводле ягоных словаў, у Беларусі надаецца вялікае значэнне ўмацаванню абараназдольнасці краіны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь "па асобных накірунках у ВПК мае высокі ўзровень. Мы бы хацелі яшчэ больш падвысіць гэты ўзровень, супрацоўнічаючы ў гэтай сферы з Кітаем". "Я хацеў, каб ваш візіт адпавядаў гэтаму высокаму ўзроўню, і па ягоных выніках мы маглі бы прасунуцца ў нашым супрацоўніцтве", - заявіў прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу міністр абароны КНР падзякаваў беларускаму боку за добрую праграму нашага візіту". Лян Гуанле адзначыў, што на перамовах з міністрам абароны Беларусі Леанідам Мальцавым, якія прайшлі ў Менску, "мы дасягнулі вельмі шмат агульнага".

Апошнія навіны