BE RU EN

ЕЗ вырашыць пытанне аб санкцыях супраць рэжыма Лукашэнкі пасля 28 верасня

  • 15.09.2008, 17:43

Ацаніўшы ход «парламенцкіх выбараў» у Беларусі, Еўразвяз гатовы перагледзець санкцыі ў адносінах беларускіх чыноўнікаў і павялічыць дапамогу краіне. Аб гэтым гаворыцца ў заяве міністраў замежных спраў краін ЕЗ, прынятай на паседжанні 15 верасня ў Брусэлі.

У дакуменце вітаецца вызваленне ўсіх палітвязняў як выкананне адной з умоваў, якое дазволіць ЕЗ перагледзець санкцыі ў адносінах беларускіх чыноўнікаў і паступова аднавіць адносіны з Беларуссю.

У той жа час Рада ЕЗ "па-ранейшаму заклапочаная асобнымі важнымі аспектамі сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі", паказваецца ў заяве.

Рада Еўразвяза нагадвае, што дэмакратычнае правядзенне «парламенцкіх выбараў» 28 верасня — чарговая магчымасць паказаць павагу дэмакратычных каштоўнасцяў. Кіраўнікі МЗС краін ЕЗ спадзяюцца, што гэтыя выбары "будуць плюралістычнымі і прадэманструюць рэальны прагрэс Беларусі на шляху павагі міжнародных еўрапейскіх нормаў".

ЕЗ прывітаў разгортванне назіральнай місіі АБСЕ і падкрэсліў неабходнасць гарантаваць гэтым назіральнікам эфектыўны доступ да ўсіх этапаў «выбарчай кампаніі», у тым ліку да падліку галасоў.

Рада Еўразвяза мае намер ацаніць сітуацыю ў краіне "у святле «парламенцкіх выбараў» і прагрэсу, зробленага Беларуссю на шляху адпаведнасці дэмакратычным каштоўнасцям і захавання правоў чалавека, і гатовы пачаць перагляд абмежавальных мер у адносінах беларускіх чыноўнікаў". У дакуменце, прынятым міністрамі замежных спраў, таксама падкрэсліваецца гатовасць ЕЗ "распачаць пазітыўныя і пэўныя крокі па паступовым аднаўленні дыялогу, уключаючы таксама сустрэчу "тройкі" ЕЗ з кіраўніком МЗС Беларусі".

Міністры замежных спраў краін ЕЗ таксама нагадалі аб магчымасцях, якія прадастаўляюцца Еўрапейскай палітыкай добрасуседства, паказаўшы, што ЕЗ "гатовы пашырыць афіцыйныя эканамічныя і культурныя сувязі з Беларуссю і істотна павялічыць дапамогу".

Нагадаем, што дэмакратычныя сілы Беларусі заяўляюць, што маючыя адбыцца «парламенцкія выбары» не будуць свабоднымі і справядлівымі і заклікаюць міжнародную супольнасць не прызнаваць іх вынікі. 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе акцыя пратэста з патрабаваннем правесці ў краіне новыя, сапраўды свабодныя і справядлівыя выбары. Ад дзеянняў уладаў 28 верасня залежыць, здымае Еўразвяз санкцыі з рэжыма Лукашэнкі альбо не.

Апошнія навіны