Дзень салідарнасці: 9 гадоў таму зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі
- 16.09.2008, 8:38
16 верасня, у Дзень салідарнасці і ўгодкі знікнення лідэраў беларускай апазіцыі Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, на Кастрычніцкай плошчы Менску пройдзе акцыя ў памяць аб зніклых лідэрах апазіцыі.
Першы віцэ-спікер Вярхоўнага савету Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар бясследна знік у Менску 16 верасня 1999 года. Разам са сваім сябрам, бізнэсмэнам Анатолем Красоўскім Ганчар вяртаўся дадому. Крыху пазней на меркаваным месцы выкрадання - вуліцы Фабрычнай – былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля і кроў выкрадзеных.
У траўні 1999 года знік Юры Захаранка - экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам. Улетку 2000 года знік аператар ГРТ Дзмітры Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.
Аб неабходнасці высветліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў увесь час заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне выявіць праўду аб іх знікненні ўтрымліваецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкай асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.
Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву, кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і камандзіру САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з-за падазрэнняў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.
Вось ужо тры гады ў Беларусі і ва ўсім свеце праходзяць акцыі салідарнасці са сваякамі зніклых апазіцыянераў і рэпрэсаванымі беларусамі.
У краіне і за мяжой пройдуць акцыі з заклікам спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі. У Беларусі адны грамадзяне запаляць у сваіх дамах свечкі салідарнасці, іншыя выйдуць на плошчы, каб ушанаваць памяць зніклых і рэпрэсаваных, а таксама заклікаць улады да дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне.
Вулічныя акцыі салідарнасці, канферэнцыі, выставы, прэзентацыі фільмаў, прысвечаныя Беларусі, пройдуць 16 верасня ў многіх краінах свету – Польшчы, Украіне, Літве, Расеі, Францыі, Нямеччыне, Бельгіі, Нідэрландах, Чэхіі, ЗША.
Нагадаем, што месяц таму з турмаў былі вызваленыя палітвязні экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Казулін, моладзевы актывіст Андрэй Кім, лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч.
Але на гэтым спіс палітвязняў не сканчаецца. За ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў 10 актывістаў апазіцыі -- Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павал Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбыцця тэрміна ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох гадоў абмежавання волі.
Сёння ў 18-00 на Кастрычніцкай плошчы Менску пройдзе акцыя салідарнасці. Людзі маюць намер выйсці на плошчу з партрэтамі апанентаў рэжыму, зніклых без вестак. У акцыі таксама прымуць удзел дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты.