Закон супраць экстрэмізму ў дзеянні (Фота)
- 17.09.2008, 9:41
Адразу пяць грамадска-палітычных актывістаў выкліканыя 18 верасня ў суд Кастрычніцкага раёна Гародні. Прычыны такога выкліку ва ўсіх аднолькавыя.
У розныя дні гэтыя людзі пры перасячэнні беларуска-польскай ці беларуска-літоўскай мяжы затрымліваліся на гарадзенскай мытні для дадгляду, і ў кожнага былі канфіскаваныя нейкія дакументы. Зараз гэтыя дакументы збіраюцца прызнаць экстрэмісцкімі.
Напрыклад, студэнт Беластоцкага ўніверсітэта Аляксей Трубкін атрымаў па пошце па месцы жыхарства ў Наваполацку дакументы з гарадзенскага абласнога камітэта КДБ, паводле якіх ён павінен з'явіцца ў суд 18 верасня.
Гэта звязана з тым, што ў канцы 2006 года і пачатку 2007 пры перасячэнні мяжы ў Аляксея былі сканфіскаваныя кампутар, дыскі, флешкі, друкаваныя выданні, і зараз супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі звяртаюцца ў суд аб прызнанні канфіскаваных матэрыялаў экстрэмісцкімі з тым, каб іх знішчыць. Экстрэмісцкімі акрамя нібы выдаленых з кампутара файлаў названыя кнігі "Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе", "Кансьпіратар беларускі + "Малыя кансьпіратар" і аўдыё-запісы праграмаў польскага радыё.
Адзін з дасланых дакументаў – «Заява аб усталяванні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне», у якім штогадовае выданне «Агляд–хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі» называцца экстрэмісцкім. Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прыводзіць дакумент для азнаямлення.