Ірына Красоўская: «Разгон акцыі ў Менску – гэта адказ Лукашэнкі на візіт Сікорскага»
- 17.09.2008, 10:25
Лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская перакананая, што разгон мірнай акцыі 16 верасня азначае, што рэжым Лукашэнкі не мае намеру змяняцца.
«Мая рэакцыя на тое, што адбылося ў Менску ў Дзень салідарнасці, адназначная. Калі амапаўцы б'юць людзей падчас мірнай акцыі, нічога акрамя абурэння, гневу, шкадавання і спачування да пацярпелых гэта не можа выклікаць. Не выпадкова акцыя была разагнаная супрацоўнікамі АМАПу, якія падпарадкоўваюцца Уладзіміру Навумаву, падазраванаму міжнароднай супольнасцю ў выкраданнях і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста.
Я думаю, што гэта адказ рэжыму Лукашэнкі на візіт міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага. Гэта таксама можна расцэньваць як адказ рэжыму Лукашэнкі на акцыі салідарнасці са зніклымі, якія прайшлі 16 верасня ў розных гарадах свету, у тым ліку ў горадзе-пабраціме Менску галандскім горадзе Эйндховэне. У то час, як увесь свет ушаноўвае памяць людзей, якія загінулі ў барацьбе за вольную і дэмакратычную Беларусь, у самой Беларусі збіваюць тых, хто прыйшоў на акцыю салідарнасці з сем'ямі зніклых. Гэта яшчэ адзін напамін Еўразвязу аб тым, што рэжым Лукашэнкі не збіраецца кардынальна мяняцца, а мае намер толькі гандлявацца з Захадам. Відавочна, што беларускія ўлады не збіраюцца расследаваць справы выкрадзеных. Тым, хто спрабуе дапамагчы беларускаму рэжыму вярнуцца на шлях дэмакратыі і адмяніць супраць яго санкцыі, я б параіла не забываць аб адной з 12 умоваў, высунутых Еўразвязам – расследаванне справаў зніклых. Вырашэнне гэтага пытання можа стаць тым фактарам, які будзе азначаць, што надышоў час весці перамовы», -- заявіла Ірына Красоўская ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.
Нагадаем, што ўчора ў Менску была жорстка разагнаная акцыя салідарнасці з сем'ямі выкрадзеных у Беларусі апазіцыянераў. Супрацоўнікамі АМАПу былі збітыя лідэры апазіцыйных палітычных партыяў, уключаючы кандыдатаў у «дэпутаты» «парламента».
16 верасня, ва ўгодкі знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, у галандскім горадзе-пабраціме Менска Эйндховэне прайшла акцыя ў памяць аб гвалтоўна зніклых беларусах. Акцыя была праведзеная ініцыятывай «Мы памятаем» у супрацоўніцтве з шэрагам галандскіх няўрадавых арганізацыяў (НУА). Пры ўдзеле мэрыі Эйндховэна ў цэнтры горада былі пасаджаныя 4 дубы ў памяць аб гвалтоўна зніклых у Беларусі людзях.