Крызіс на сусветным фінансавым рынку адаб'ецца і на Беларусі
- 17.09.2008, 17:50
Крызіс на сусветным фінансавым рынку можа негатыўна адбіцца на аб'ёмах знешняга крэдытавання Беларусі і планах прыцягнення інвестараў.
Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН бізнэс-аналітык вядучай інвестыцыйнай кампаніі Беларусі "Юнітэр" Алег Андрэеў.
"Напрамую на беларускім фінансавым рынку цяперашняя сітуацыя наўрад ці адаб'ецца, таму што ў нас пакуль няма свайго развітога, у тым ліку фондавага, рынка", — адзначыў эксперт.
Разам з тым А.Андрэеў лічыць, што ў беларускіх пазычальнікаў могуць паўстаць праблемы з прыцягненнем знешніх крэдытных рэсурсаў. "Летась вельмі вялікі аб'ём рэсурсаў у беларускую эканоміку прыцягваўся за кошт замежных крэдытаў. Сукупная знешняя запазычанасць вырасла амаль удвая. Прычым досыць вялікі аб'ём сродкаў прыцягваўся ў расейскіх банкаў, якія, у сваю чаргу, ажыццяўлялі запазычанні на знешніх рынках і потым крэдытавалі беларускія прадпрыемствы. З гэтага пункту гледжання ў беларускай эканомікі могуць паўстаць праблемы", — растлумачыў эксперт.
Акрамя гэтага, працягнуў аналітык, крызіс на сусветным фінансавым рынку можа паўплываць на планы Нацыянальнага банка і ўрада па прыцягненні буйных інвестараў у банкаўскую сістэму, у прыватнасці на агучаныя раней планы па продажы долі акцый буйнейшых беларускіх дзяржбанкаў. "Было абвешчана аб планах прыватызацыі буйных дзяржаўных банкаў і жаданні бачыць у якасці інвестараў прадстаўнікоў топ-25 глабальных банкаўскіх гульцоў. Аднак цяпер топ-25 — лідэры па падзенні на ўсіх біржах, яны адчуваюць самыя вялікія праблемы, а некаторыя знаходзяцца на мяжы банкруцтва. Ім цяпер відавочна не да інвестыцыйных укладанняў", — падкрэсліў А.Андрэеў.
Акрамя таго, негатыўная сітуацыя на фінансавых рынках можа занесці карэктывы ў планы буйнейшых беларускіх банкаў — "Беларусбанка" і "Белаграпрамбанка" — па правядзенні IPO (публічнае першаснае размяшчэнне акцый) на Лонданскай фондавай біржы.
Як адзначыў А.Андрэеў, на знешніх рынках цяпер вельмі вялікія праблемы з ліквіднасцю, і "грошай проста няма". Што датычна ўстойлівасці беларускага валютнага рынка, то ў яго свая спецыфіка, і дадзеная сітуацыя, хутчэй за ўсё, ніяк на яго не паўплывае, лічыць эксперт.
Маштабны абвал на фондавых рынках у апошнія некалькі дзён прывёў 16 верасня да абвалу і на расейскім рынку. Падобнага не назіралася з часоў падзей, звязаных з дэфолтам 1998 года.