Большасць выбарчых камісіяў сфарміраваныя незаконна?
- 18.09.2008, 9:49
У чацвер перад Цэнтральнай выбарчай камісіяй будзе пастаўленае пытанне аб незаконнасці фарміравання практычна ўсіх участковых выбарчых камісіяў. Праваабаронцы, прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў будуць дамагацца фарміравання выбарчых камісіяў наноў. Падставаў для гэтага шмат.
Але галоўнае, як растлумачыў юрыст Гары Паганяйла - неадпаведнасць прынцыпаў фарміравання камісіяў Выбарчаму кодэксу.
- Артыкул 35 Выбарчага кодэкса прадугледжвае, што ад той ці іншай арганізацыі, таго ці іншага працоўнага калектыва ў склад выбарчай камісіі можа ўваходзіць толькі адзін чалавек. У нас жа камісіі сфарміраваныя па наўпрост супрацьлеглым прынцыпе. Напрыклад, дырэктар школы вельмі часта з'яўляецца старшынём камісіі, завуч гэтай жа школы - яго намеснікам, а настаўнікі - шэраговымі чальцамі. Увогуле поўная падпарадкаванасць. І гэта абсалютна незаконна, -- паведаміў праваабаронца ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану».
Сапраўды, адкрываем Выбарчы кодэкс, знаходзім артыкул 35 і чытаем першы жа абзац:
«Палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы і арганізацыі ці калектывы іх структурных падраздзяленняў з ліку сваіх чальцоў, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы могуць вылучаць у адпаведную тэрытарыяльную, акруговую, участковую камісію ТОЛЬКІ ПА АДНЫМ ПРАДСТАЎНІКУ».
Што жа адбылося на самай справе?
Возьмем для прыкладу самую першую выбарчую акругу - Берасцейскую-Заходнюю №1.
Літаральна на ўчастку №4 патрапляем на наступны склад камісіі.
1. Андрановіч Іна Аляксееўна вылучаная сходам працаўнікоў структурнага падраздзялення ААТ «Брэстсельмаш».
2. Гановіч Анатоль Фёдаравіч - сходам працаўнікоў структурнага падраздзялення ААТ «Брэстсельмаш».
3. Каленік Сяргей Віктаравіч - сходам працаўнікоў структурнага падраздзялення ААТ «Брэстсельмаш».
4. Казлякоўскі Аляксей Вітальевіч- сходам працаўнікоў структурнага падраздзялення ААТ «Брэстсельмаш»…
І яшчэ 11 чальцоў гэтай жа ўчастковай камісіі вылучаныя «сходам супрацоўнікаў структурнага падраздзялення ААТ «Брэстсельмаш». «Чужых», хоць бы для выгляду, -- ні воднаго чалавека. Прычым, звесткі ўзятыя з абсалютна афіцыйнай крыніцы - сайта Берасцейскага аблвыканкама, так што памылкі быць не можа.
Падобна, тым, хто займаўся фарміраваннем участковых камісіяў, проста забыліся перачытаць Выбарчы кодэкс.
Паколькі камісіі сфармаваныя незаконна, дык і ўдзел у іх з'яўляецца незаконным і бессэнсоўным. З-за недаверу да ўчастковых камісіяў і адсутнасці ў іх дэмакратаў многія палітычныя структуры будуць байкатаваць «выбары».