BE RU EN

ЦВК не задаволіў скаргі актывістаў АГП, але з «выбараў» яны здымацца не будуць

  • 18.09.2008, 13:12

Шасці прадстаўнікам Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) адмоўлена ў друкаванні адзінага агітацыйнага буклета ў выглядзе спецыяльнага выпуску газеты "Народная воля" на законных падставах, заявіў на паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі ў Менску сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

"Кандыдаты ў дэпутаты, сярод якіх Анатоль Лябедзька, Аляксандр Дабравольскі, Станіслаў Багданкевіч, захацелі выпусціць не буклет, а спецвыпуск газеты "Народная воля".

Барысаўская друкарня, у якую яны звярнуліся, не мае ліцэнзіі на друкаванне газетаў. Было прапанавана змяніць фармат перадвыбарнага буклета, але да сёння такіх дзеянняў з боку кандыдатаў у дэпутаты не было зроблена", - растлумачыў М.Лазавік.

Пры гэтым ён адзначыў, што "шчыра жадаў дапамагчы Анатолю Уладзіміравічу Лябедзьку арганізаваць выпуск перадвыбарных улётак". Цэнтравыбаркам, па словах сакратара, нават пагадзіўся на парушэнне нормаў выбарчага кодэкса і дазволіў друкаванне, як сумесных праграмаў, так і сумесных агітацыйных улётак некалькіх кандыдатаў у дэпутаты.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ермошина паставіла на галасаванне пытанне аб немэтазгоднасці разгляду дадзенай скаргі на паседжанні Цэнтравыбаркама. "Разглядаць дзеянні друкарні занадта вялікі гонар. Мы не "хуткая дапамога", усё рашэнні павінны рыхтавацца і вывучацца, гэтае пытанне цалкам не падрыхтаванае да слухання", - сказала яна, дадаўшы, што для лідэра АГП падача адпаведнай скаргі з'яўляецца толькі падставай зрабіць "гучную палітычную заяву".

Лябедзька і яшчэ 5 менскіх кандыдатаў ад партыі заявілі аб магчымым зняцці з выбарчай кампаніі

Нагадаем, што, паводле паведамлення прэс-службы Аб'яднанай грамадзянскай партыі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і яшчэ 5 менскіх кандыдатаў ад партыі заявілі аб магчымым зняцці з выбарчай кампаніі. Адпаведную заяву яны накіравалі 16 верасня ў Цэнтравыбаркам.

Як паведаміў Анатоль Лябедзька, гэта выклікана тым, што друкарні адмаўляюцца друкаваць перадвыбарную прадукцыю кандыдатаў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. У іх ліку, акрамя Анатоля Лябедзька — Станіслаў Багданкевіч, Аляксандр Дабравольскі, Валянціна Палевікова, Ганна Ягорава і Кацярына Маласаева.

«Усе нашыя спробы замовіць інфармацыйныя матэрыялы ў менскіх друкарнях і на прадпрыемствах «Чырвоная Зорка», «Рэмарк», «Уніфлекс», «Птаха», «Знаменне» сталіся безвыніковымі. Адмова быў абумоўленая нібыта наяўнасцю тэхнічных праблемаў», — паведаміў Анатоль Лябедзька.

Раней кандыдаты АГП атрымалі адмову з друкарні Барысава. Потым там пагадзіліся, але, як сказаў палітык, «паставілі працэс вырабу матэрыялаў у такія часавыя рамкі, якія не дазваляюць данесці іх да выбаршчыкаў». Друкаваць перадвыбарную прадукцыю ў Расеі, нагадаем, кандыдатам забаронена.

Сітуацыю, якая склалася з выданнем перадвыбарных матэрыялаў, Анатоль Лябедзька назваў «скандальнай». «Гэта шэсць выбарчых акругаў, больш 380 тысячаў выбаршчыкаў, якія сёння атрымалі інфармацыю аб кандыдатах са спісу Лукашэнкі, але не маюць магчымасці атрымаць матэрыялы ад апазіцыйных кандыдатаў, — падкрэсліў ён. — У той час, як спадарыня Ярмошына робіць заявы аб нібыта беспрэцэдэнтных саступках у друкаванні матэрыялаў АГП, якія дыяметральна разыходзяцца з практыкай. Таму мы вымушаныя былі прад'явіць ультыматум Цэнтральнай выбарчай камісіі».

Кандыдаты звяртаюцца ў ЦВК з просьбай «аператыўна адрэагаваць і аказаць садзейнічанне ў выданні друкаванай прадукцыі». «У адваротным выпадку, мы будзем вымушаныя разгледзець пытанне аб нашым зняцці з выбарчай кампаніі», — сказана ў заяве.

З-за таго, што дзейнай рэакцыі гэтых актывістаў на рашэнне ЦВК адмовіць іх скарзе да гэтага часу няма, зразумела што кандыдаты ад АГП здымацца з “выбараў” не будуць.

Апошнія навіны