BE RU EN

Арменія не прызнае незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі

  • 19.09.2008, 13:11

Арменія лічыць немагчымым разгляд пытання аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, да таго часу, пакуль не вырашанае пытанне аб Нагорным Карабаху.

Аб гэтым заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску Надзвычайны і Паўнаважны амбасадар Арменіі ў Беларусі Алег Есаян.

"Прызнанне незалежнасці іншых дзяржаваў без прызнання незалежнасці Нагорнага Карабаха - гэта нонсэнс", - сказаў амбасадар.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Арменія не пайшла на прызнанне незалежнасці Нагорна-карабахскай рэспублікі, нягледзячы на наяўнасць "палітычных, прававых, маральна-этычных, этнічных і іншых перадумоваў".

А.Есаян нагадаў, што "незалежнасць Нагорна-карабахскай рэспублікі была абвешчаная 2 кастрычніка 1991 года ў поўнай адпаведнасці патрабаванням існуючай тады Канстытуцыі СССР і нормам міжнароднага права". "Пасля чаго быў праведзены ўсенародны рэферэндум, абраныя вышэйшыя органы дзяржаўнай улады - парламент, урад. 6 студзеня 1992 ггода - больш за 16 гадоў таму была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Нагорна-карабахскай рэспублікі, і тады, і цяпер Арменія мела і мае ўсе неабходныя перадумовы прызнаць незалежнасць Нагорнага Карабаха", - падкрэсліў амбасадар. Пры гэтым ён адзначыў, што Арменія не пайшла на гэта, улічваючы, што пачаўся міжнародны працэс па прававым урэгуляванні канфлікту, і дагэтуль Арменія разлічвае на ўрэгуляванне пытання з Карабахам прававым шляхам.

Адказваючы на пытанне аб уплыве на СНД рашэння Грузіі пакінуць гэтую арганізацыю, амбасадар заўважыў, што "гэта не ўзмоцніць СНД, але з улікам таго, што Грузія падпісала менш за палову дакументаў СНД, а ратыфікавала толькі палову падпісанага, асаблівай шкоды, прыкметнага адмоўнага ўплыву не павінна адбыцца".

Апошнія навіны