Два кандыдаты АГП адмовіліся ад удзелу ў «выбарах»
- 2.09.2008, 8:18
Кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякаў і гомельскі актывіст АГП Леанід Судаленка адмовіліся ад удзелу ў выбарчай кампаніі ў парламент.
Яны накіравалі 1 верасня заявы ў акругавыя камісіі, якія праінфармавалі аб сваім рашэнні.
Аб здыманні сваіх кандыдатаў да 23 верасня заявілі Партыя БНФ і аргкамітэт партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". У Гомельскай вобласці, нагадаем, знялі свае кандыдатуры з «выбараў» прадстаўнікі дэмакратычных партыяў. На «выбары» там ідуць толькі камуністы.
Нагадаем, што Палітрада апазыцыйных партыяў прыняла рашэнне разгледзець пытанне аб спыненні ўдзелу ў «выбарчай кампаніі» 21 верасня.
«Першапачаткова партыі высунулі ўладзе ўмовы, і адна з галоўных умоваў — гэта ўключэнне нашых прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў. Гэтыя ўмовы не былі выкананымі. Адпаведна, як гэта і было заяўлена, мы адмаўляемся ад удзелу ў кампаніі і здымаем свае кандыдатуры», — сказаў Васіль Палякаў у інтэрв'ю інтэрнэт-старонцы www.ucpb.org.
Ён падкрэсліў, што з самага пачатку дэмакратычныя кандыдаты ўдзельнічалі ў гэтак званых «парламенцкіх выбарах» як палітычнай кампаніі і працягваюць гэты ўдзел.
«Можна ў розным фармаце ўдзельнічаць у выбарчай і палітычнай кампаніі, — зазначыў Васіль Палякаў. — Ёсць варыянты, і мы будзем даводзіць сваю пазыцыю да выбарнікаў, чаму мы зняліся, чаму гэтыя «выбары» не з'яўляюцца выбарамі і чаму ня варта ў іх удзельнічаць».