Барацьба за касцёл святога Язэпа: каталікі абвясцілі бестэрміновы пост
- 2.09.2008, 14:43
У Менску 27 прадстаўнікоў рымска-каталіцкага прыхода святога Язэпа пачалі бестэрміновы пост за вяртанне вернікам будынкаў кляштара бернардынаў з касцёлам.
Аб гэтым паведаміла БелаПАН сябра абшчыны Івона Мацукевіч. Па яе словах, з 30 жніўня ў акцыі за вяртанне святыні ўдзельнічаюць людзі розных узростаў, узроўня адукацыі і прафесій, уключаючы 17-гадовых студэнтаў.
"Хтосьці з іх пачаў чысты пост і абмежаваў сябе адной вадой, некаторыя здавольваюцца хлебам і вадой. Прычым кожны з удзельнікаў акцыі абраў для сябе вызначаны дзень паста. Я пашчуся тры дні на тыдзень — у сераду, пятніцу і суботу", — сказала І.Мацукевіч. Па яе словах, гэтая ахвяра Богу стане дадаткам да набажэнстваў за вяртанне святыні вернікам, якія штодня праводзяцца тры з паловай гады пачынаючы з 19 сакавіка 2005 года.
І.Мацукевіч звярнулася да ўсіх людзей добрай волі з просьбай падтрымаць сябраў абшчыны святога Язэпа ў іх імкненні вярнуць тое, што па праве належыць вернікам.
Нагадаем, у 2007 годзе пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара вернікам было сабрана больш за 30 тысяч подпісаў. Акцыя пачалася пасля таго, як стала вядома аб планах Менгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння.
Кляштар быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імперыі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. На працягу наступных 144 гадоў дзяржава бясплатна карысталася комплексам, пабудаваным на сродкі вернікаў. Цяпер з кляштара выселеныя службы ваеннай камендатуры і пракуратуры. Аднак у будынку касцёла дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтвы.
Як стала вядома БелаПАН з кампетэнтных крыніц у Беларускай рымска-каталіцкай царкве, 20 чэрвеня ў Менску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкай дзяржаўны сакратар Папы Рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіа Бертонэ не атрымаў станоўчага адказу на пытанне аб вяртанні вернікам будынкаў кляштара бернардынаў з касцёлам.
Нагадаем, што Івона Мацукевіч была ўзнагароджаная аргкамітэтам Хартыі`97 Нацыянальнай прэміяй у галіне абароны правоў чалавека за 2007 год у намінацыі «За абарону правоў чалавека і хрысціянскіх каштоўнасцяў». На працягу апошніх двух гадоў беларусы сталі сведкамі духоўнага подзвігу. Кожны дзень пасля вячэрняга набажэнства, а ў нядзелю пасля ранішняга Івона Мацукевіч прыходзіць да касцёла святога Іосіфа. Яе малітвы накіраваныя на вяртанне Касцёла вернікам каталікам. Часам разам з ёй прыходзяць дзясяткі і сотні людзей, часцей некалькі братоў і сясцёр. Бываюць дні, калі яна прыходзіць адна, але яе малітоўнае служэнне ў абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў і правоў вернікаў не спыняецца ні на адзін дзень.
Фота з архіву