Беларусь – адна з найбольш карумпаваных краінаў свету
- 23.09.2008, 13:25
Сёлета, як у мінулым і пазамінулым гадах, міжнародная арганізацыя "Transparency International" (глабальная кааліцыя супраць карупцыі) адвяла Беларусі месца сярод найболш карумпаваных краінаў свету, такіх, як Цэнтральнаафрыканская рэспубліка, Конга і Венесуэла.
Краінамі з найбольшым узроўнем карупцыі названыя сёлета Самалі і Ірак. Індэкс успрымання карупцыі ў 2008 годзе, апублікаваны сёння арганізацыяй "Transparency International", падкрэслівае фатальную сувязь паміж беднатой, неэфектыўным кіраваннем і хабарніцтвам. Але прыклады іншых краінаў, якія апусціліся ў рэйтынгу "Transparency International" у 2008 годзе, сведчаць аб тым, што механізмы кантролю карупцыі таксама даюць збой і ў найбагацейшых краінах, паведамляе «Радыя Свабода».
"У найбеднейшых краінах узровень карупцыі можа азначаць розніцу паміж смерцю і жыццём, калі справа датычыць грошаў на лякарні ці чыстую ваду. Высокі ўзровень карупцыі і беднаты, ад якога пакутуе шмат грамадстваў у свеце - гэта няспынная гуманітарная катастрофа, з якой нельга змірыцца", - кажа старшыня "Transparency International" Югет Лябель.
"Transparency International" вызначае свой Індэкс успрымання карупцыі (Corruption Perceptions Index) для асобных краінаў, засноўваючыся на апытаннях сярод розных экспертаў і прадстаўнікоў бізнэсу. Індэкс змяняецца ад нуля (максімальны ўзровень карупцыі) да 10 (краіна, свабодная ад карупцыі).
Сёлета, як і ў мінулым годзе, апытанні праводзіліся ў 180 краінах. Беларусь з індэксам 2.0 апынулася на 151 месцы, разам з Лаосам, Эквадорам, Папуа Новай Гвінеяй, Таджыкістанам, Цэнтральнаафрыканскай рэспублікай і Кот д’Івуарам. У 2007 годзе Беларусь у гэтым рэйтынгу была на 150 месцы, а ў 2006 - на 151.
Сёлета краінамі з найменшай карупцыяй былі прызнаныя Данія, Новая Зеландыя, Швецыя і Сінгапур. Суседзі Беларусі займаюць наступныя пазіцыі: Расея 147-е, Украіна 134-е, Літва і Польшча 58-е, Латвія 52-е месца.