Рэктар патрабуе галасаваць датэрмінова
- 23.09.2008, 16:25
У Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна адбыліся так званыя прафіляктычныя гутаркі выкладчыкаў са студэнтамі.
Як паведаміў “Радыё Свабода” студэнт гістарычнага факультэту Алег Лёгкі, рэктар Мячыслаў Часноўскі загадвае, каб калектыў вну прагаласаваў датэрмінова. Пры той сыстэме датэрміновага галасаваньня, якая існуе ў Беларусі, ёсьць шырокія магчымасьці маніпуляваць галасамі выбарнікаў.
“Да нас на вучэбную пару прыйшоў намесьнік дэкана і загадаў: “Падыміце рукі, хто жыве ў інтэрнатах”. Пасьля гэтага ён зьвярнуўся да студэнтаў: “Калі ласка, прашу вас сёньня ці заўтра пайсьці на свой выбарчы ўчастак і прагаласаваць”? – расказвае Алег Лёгкі.
Намесьнік дэкана паведаміў, што такая ўстаноўка зыходзіць ад рэктара, — кажа Алег Лёгкі, — маўляў, рэктар патрабуе датэрміновага галасаваньня ад нас, таму я патрабую гэтага ад вас.
“Мы ня хочам, каб у нашага факультэту былі праблемы. Таму прагаласуйце ўсе”, — заявіў студэнтам намесьнік дэкана.
Нагадаем, што сёньня ў Беларусі пачынаецца датэрміновае галасаваньне на “парламенцкіх выбарах”. Пры той сыстэме датэрміновага галасаваньня, якая існуе ў Беларусі, ёсьць шырокія магчымасьці маніпуляваць галасамі выбарнікаў. Існуе мноства прыкладаў, калі на папярэдніх “парлямэнцкіх выбарах” калгасьнікаў звазілі галасаваць на машынах, прымушалі раней часу галасаваць студэнтаў, навучэнцаў каледжаў і тэхнікумаў.
У 1994 годзе, калі абіралі першага прэзыдэнта Беларусі, таксама ўжывалася датэрміновае галасаваньне. Але тады, каб прагаласаваць раней, неабходна было абавязкова прадставіць дакумэнты, якія б пацьвярджалі, што дадзены грамадзянін мае для гэтага сур’ёзныя падставы. Потым гэта правіла адмянілі. І колькасьць удзельнікаў датэрміновага галасаваньня пачала нязьменна расьці, аж да 20-30% агульнай колькасьці тых, хто галасуе. Адсюль і расьце недавер да датэрміновага галасаваньня, - зазначае юрыст, знаўца выбарчага заканадаўства Міхаіл Пліска.
“З майго пункту гледжаньня, нэгатыўнае стаўленьне да датэрміновага галасаваньня не таму, што аспрэчваецца сам факт ягонага існаваньня. Справа ў тым, што няма даверу да фармаваньня ўчастковыя выбарчых камісіяў. У дні датэрміновага галасаваньня не забясьпечваецца кантроль над галасаваньнем і захоўваньнем выбарчых скрынак. Таму так нэгатыўна і ставяцца да датэрміновага галасаваньня”, - тлумачыць М.Пліска.
Відаць, беларускія рэктары, якія прымушаюць студэнтаў галасаваць, хочуць трапіць у сьпісы неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША.