Сідорскі: «Які кошт будзе на газ? Па якім прададуць»
- 24.09.2008, 14:00
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі не ведае, колькі будзе каштаваць расейскі газ для краіны ў 2009 годзе.
Адказваючы на пытанне расейскіх журналістаў аб тым, які кошт на газ будзе ў 2009 годзе, Сідорскі сказаў:
«Які кошт будзе на газ? Па якім прададуць. Але гэта перамоўны працэс», — сказаў беларускі прэм'ер. Ён нагадаў, што 6 кастрычніка адбудзецца паседжанне «саюзнага» Саўміна і дадаў, што добра знаёмы з расейскім прэм'ер-міністрам і «з глыбокай павагай ставіцца да яго».
Сяргей Сідорскі ў чарговы раз падкрэсліў, што «у «саюзнай дзяржаве» трэба мець агульны рынак». У снежні 2006 года бакі падпісалі дамову, дзе вызначаная формула разліку кошту на газ. На 2009 год там стаяла прыкладная лічба $140 за 1 тыс.куб.м. «Я думаю, яна будзе найбольшай. Мы пралічвалі, што кошт на расейскі газ для Беларусі будзе прыкладна $129-140, не вышэй. Але гэта пытанне перамоваў», — адзначыў прэм'ер-міністр.
Нагадаем, што расейскі бок заяўляе, што з 2009 года кошт на газ для Беларусі складзе $200 за 1 тыс.куб.м.