Кангрэсменам ЗША не спадабаліся пагрозы Лукашэнкі
- 24.09.2008, 18:14
У Беларусі напярэдадні «выбараў» усё яшчэ няма прагрэсу ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека. Аб гэтым гаворыцца ў адмысловай заяве сустаршыняў Хельсінскай камісіі Кангрэса ЗША Элсі Гасцінгса і Бенджаміна Кардзіна.
"У Беларусі сітуацыя перад "выбарамі" працягвае азадачваць, хаця раней мы бачылі некаторыя знакі таго, што цяперашнія «выбары» будуць істотна адрознівацца ад тых, якія праводзіліся раней і якія не адпавядалі стандартам АБСЕ, — адзначаецца ў заяве. — Больш за ўсё турбуе тое, што Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Захаду прызнаць "выбары", прыстрашыўшы ў адваротным выпадку спыніць усялякія адносіны".
У дакуменце, які прыводзіць БелаПАН, падкрэсліваецца, што асноўным індыкатарам дэмакратычнасці ці недэмакратычнасці выбараў стане ацэнка місіі назіральнікаў АБСЕ. "Мы чакаем, што за кароткі перыяд часу, які застаўся, беларускі ўрад распачне такія неадкладныя крокі для паляпшэння выбарчага клімата, як забеспячэнне празрыстасці ўсяго працэса галасавання і падліку галасоў, а таксама забяспечыць поўны доступ назіральнікаў АБСЕ для кантролю за гэтымі працэсамі", — вядзецца ў заяве.
Э.Гасцінгс таксама нагадаў, што ў сакавіку 2006 года прыязджаў у Беларусь у якасці міжнароднага назіральніка і ўжо тады адзначаў, што "Беларусі ёсць куды імкнуцца" ў плане паляпшэння выбарчага заканадаўства. "беларускія ўлады павінныя прадэманстраваць рэальнае імкненне паважаць правы чалавека", — падкрэсліў кангрэсмэн.
У сваю чаргу Б.Кардзін адзначыў, што за апошнія 12 год "людзі Беларусі падвяргаліся сістэматычнаму кантролю ўлады над грамадствам, душыліся незалежныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі, затрымліваліся мірныя дэманстранты". "Усе гэтыя парушэнні прывялі да самаізаляцыі Беларусі, пазбавілі рэспубліку яе законнага месца сярод дэмакратычных краін Еўропы", — канстатаваў ён.