Калгасныя «выбары»
- 25.09.2008, 13:41
Прынцып правядзеньня "выбарчай кампаніі" ад "выбараў" да "выбараў" не мяняецца: “абавязковае” датэрміновае галасаваньне, якое дае магчымасьць фальсыфікаваць вынікі, ізноў сталася праблемаю №1, зь якою сутыкаюцца як назіральнікі, так і самі выбарцы.
Жыхароў Гарадзенскага раёну - працоўных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў - прымушаюць галасаваць датэрмінова. Прычым кіраўнікі калгасаў і саўгасаў называць прозвішча кандыдата, за якога людзі павінны аддаць свой голас.
Старшыня сельскагаспадарчага прадпрыемства "Гожа" Эдмунд Балюк асабіста кантралюе хаду бягучай выбарчай кампаніі на падуладнай яму тэрыторыі. Разам з намеснікам па ідэалагічнай працы яны праводзяць сходы на вытворчых участках сельскагаспадарчага прадпрыемства і прымушаюць людзей зрабіць свой выбар датэрмінова, нічым такую прапанову не абгрунтоўваючы, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Адзіным кандыдатам, за якога раяць галасаваць вяскоўцам, з’яўляецца Мікалай Гарбачонак – першы сакратар Гродненскага раённага камітэта грамадскага аб’яднання Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна арганізуюць сустрэчы выбарнікаў выключна з кандыдатам ад улады. Кандыдат у дэпутаты ад аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Падчыненкаў не здолеў правесці большасць запланаваных сустрэчаў менавіта таму, што старшыні калгасаў і саўгасаў адмовіліся садзейнічаць у правядзенні агітацыйных мерапрыемстваў.
Такой сама пазыцыі прытрымліваюцца і сельскія саветы, супрацоўнікі якіх пужаюць вяскоўцаў апазыцыянерамі, што прыйдуць да ўлады, пазбавяць людзей сталага веку пенсійнага забяспячэння і прададуць зямлю капіталістам, а квітнеючая Беларусь у выніку стане гарачай кропкай Еўропы.
Менскіх студэнтаў, тым часам, на ўчасткі для галасавання выцягваюць з пакояў. Як паведамілі відавочцы “Маладому Фронту”, студэнтаў БДУІРа, якія жывуць у інтэрнаце, асабіста па пакоях абыйшлі супрацоўнікі дэканатаў і загадалі прагаласаваць датэрмінова.
І пры гэтым няўзнак нагадалі, што па Усходняй выбарчай акрузе, дзе знаходзяцца інтэрнаты, у "палату прадстаўнікоў" балятуецца кандыдат ад улады, прарэктар па навучальнай працы БДУІРа Буськр В.Л… Ужо зараз можна здагадацца, на чыім баку будзе перамога на гэтай акрузе.