Прэс-сакратар Саланы: «28 верасьня мы пабачым, ці пойдуць улады Беларусі па шляху павагі да правоў чалавека»
- 25.09.2008, 18:25
Прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіера Саланы каментуе ягоную размову па тэлефоне з Аляксандрым Лукашэнка, якая выклікала крытыкe з боку дэмакратычнай апазыцыі Беларусі.
Крысьціна Галяк сёньня адказала на пытаньні “Радыё Свабода”.
-- Спадарыня Галяк, БЕЛТА паведаміла, што ўчора па ініцыятыве Хавіера Саланы адбылася размова паміж ім і Аляксандрам Лукашэнкам? Гэта праўда?
-- Я не магу сказаць, што гэта было менавіта так. Але — гэта праўда, спадар Салана і Лукашэнка гаварылі адзін з адным учора. Спадар Салана быў у Нью-Ёрку, таму што на гэтым тыдні там адбываецца шмат дыпляматычных кантактаў. Ён гаварыў зь Нью-Ёрку, а Лукашэнка быў у Менску. Перад тым, на працягу некалькіх дзён дарадцы спадара Саланы кантактавалі дарадцаў Лукашэнкі, і яны дамовіліся, што гэтая размова адбудзецца. Так што на самай справе размова адбылася пры паразуменьні абодвух бакоў.
-- БЕЛТА таксама паведаміла, што абодва бакі “падкрэсьлілі важнасьць адкрыцьця новай старонкі ў адносінах паміж Беларусьсю і ЭЗ”...
-- Я магу толькі сказаць, што падчас размовы спадар Салана вельмі выразна давёў Лукашэнкі, як вялікую вагу прыкладае ЭЗ да “выбараў”, якія маюць адбыцца ў Беларусі 28 верасьня. Спадар Салана выразна сказаў, што гэтыя “выбары” даюць Беларусі магчымасьць паказаць яе павагу для дэмакратычных каштоўнасьцяў. Так што мы будзем сачыць за “выбарамі” вельмі ўважліва, бо яны пакажуць нам, ці пойдзе кіраўніцтва Беларусі і якім чынам па шляху плюралізму і адкрытасьці, па шляху павагі да правоў чалавека.
-- Ці закраналіся іншыя тэмы, акрамя "выбараў"?
-- Я ня ведаю пра іншыя тэмы, але мяркую, што так. Але я думаю, што тэма "выбараў" была найважнейшая.
-- Ці можаце паведаміць нашым слухачам некаторыя тэхнічныя дэталі размовы? Напрыклад, на якой мове размаўлялі спадары Салана і Лукашэнка?
-- На жаль, спадар Салана не гаворыць па-расейску. Таму ён гаварыў па-ангельску, а Лукашэнка, паводле майго разуменьня, гаварыў на сваёй роднай мове. Яны карысталіся дапамогай перакладчыка, што звычайна у такога тыпу дыпляматычных кантактах.
-- У такіх размовах дастаткова аднаго перакладчыка, ці сядзяць два перакладчыкі на абодвух канцах лініі?
-- Мне гэта дакладна невядома. Але на баку спадара Саланы быў перакладчык.
-- Спадарыня Галяк, ці вы можаце ўявіць сабе спатканьне Хавіера Саланы і Аляксандра Лукашэнкі ў Брусэлі або Менску?
-- Літаральна некалькі дзён таму, падчас спатканьня міністраў замежных справаў ЭЗ, міністры і спадар Салана выразна заявілі, што ЭЗ хоча поўнай нармалізацыі адносін зь Беларусьсю і што ЭЗ гатовы разьвіваць гэтыя адносіны на ўсіх дзялянках, улучна з гандлёвай і культурнай. Беларусь вельмі блізка да ЭЗ геаграфічна, а мы хочам, каб яна была таксама блізкай да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і да таго, што ЭЗ сабой прадстаўляе. Таму мы хочам нармалізаваць і паглыбіць гэтыя адносіны. Мяркуючы па некалькіх кроках, якія зрабіла Беларусь і якія былі прывітаныя намі, мы думаем, што ў Беларусі праўдападобна наступіла нейкая зьмена. Але перад тым, як прыняць рашэньне наконт далейшай нармалізацыі і паглыбленьня нашых адносін, мы хочам пабачыць, як пройдуць “выбары”.
-- На вашу думку, ці будзе магчымае такое спатканьне пасьля таго, як Лукашэнка прызнае незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі?
-- На гэты момант мы ведаем, што Беларусь не прызнала незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. У гэтым пытаньні ў Эўразьвязе пануе абсалютная аднадушнасьць. Фактычна ніхто з міжнароднай супольнасьці не прызнаў незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.