Сайт Хартыі спрабавалі заблакаваць
- 26.09.2008, 11:14
Кароткачасовая dos-атака на сайт Хартыі была здзейсненая сёння ў 10.20 па менскім часе. На 30 хвілін доступ да сайта быў заблакаваны.
Паўтараецца сітуацыя паўгадавой даўніны, калі напярэдадні Чарнобыльскага шляху "невядомыя" зламыснікі атакавалі шэраг беларускіх незалежных сайтаў. Тады таксама за дзень да асноўнай атакі на наш сайт прадпрымалася так званая "тэставая" атака. Як правіла, выканальнік, такім чынам, пацвярджае заказчыку свае магчымасці і правярае вірусную сетку для атакі.
Мы хочам папярэдзіць наведнікаў, што, у выпадку працягу ці аднаўлення атакі, доступ да сайта можа адсутнічаць некаторы час з любой кропкі свету, бо атака накіраваная непасрэдна на сервер сайта.
28 верасня, пачынаючы з 20.00, мы плануем у прамым эфіры асвятляць ход акцыі пратэсту фальсіфікацыі "парламенцкіх выбараў", якія пройдуць у гэты дзень. Падчас гучных палітычных падзеяў у Беларусі спробы перашкодзіць распаўсюду альтэрнатыўнай інфармацыі ў Інтэрнэце сталі традыцыйнымі.
Dos-атака з мэтай "абваліць" сервер сайта з'яўляецца найбольш маштабнай спробай абмежаваць доступ да сайта не толькі беларускім, але і замежным наведнікам.
Мы ўпэўненыя, што, нягледзячы на ўсе спробы абмежаваць доступ да нашага сайта, рэальная інфармацыя аб ходзе "парламенцкіх выбараў" і акцыі пратэсту 28 верасня дойдзе да людзей у Беларусі і ва ўсім свеце праз дзесяткі інфармацыйных сайтаў, блогаў і форумаў. Інтэрнэт зачыніць нельга.