Скандал: Зафіксаваны ўкід бюлетэняў (Абноўлена)
- 27.09.2008, 17:12
27 верасня на выбарчым участку № 456 у Менску падчас абедзеннага перапынку з 14 да 16 гадзін была раскрытая ўрна для галасавання.
Аб гэтым сайту ucpb.org паведаміў назіральнік Віталь Стажароў.
Пасля абеду ён прыехаў на ўчастак і выявіў, што пячатка не супадае з фотаздымкам апячатанай урны, які ён зрабіў у 14 гадзін. У 16 гадзін на ўчастак прыехаў таксама лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які балатуецца па гэтай акрузе (Старавіленскі № 105), і міжнародны назіральнік ПА АБСЕ з Эстоніі.
Старшыня камісіі Мікалай Лагуновіч адмаўляе факт раскрыцця ўрны. Ён нават заявіў, што Віталь Стажароў можа застацца начаваць на ўчастку.
«Ясна, што змесціва ўрны замененае, — лічыць Анатоль Лябедзька. — І беспрэцэдэнтны факт — прапанова нашаму назіральніку застацца на ноч на ўчастку — пацвярджае гэта».
Урну для галасавання ахоўваў супрацоўнікі міліцыі Арлоўскі Сяргей Міхайлавіч (асабісты нумар А-11437).
Бюлетэні падмянілі ў абедзенны перапынак
Бюлетэні ў выбарчых урнах падмянілі 27 верасня ў абедзенны перапынак. Аб гэтым паведамілі назіральнікі АГП па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 у Менску, дзе балатуецца лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
Назіральнік Віталь Стажароў падаў фотадоказы раскрыцця ўрны на выбарчым участку № 456. Здымкі пячаткі на ўрне да абеду і пасля не супадаюць.
Святлану Вяргейчык, якая назірае на ўчастках № 484 і № 485 (знаходзяцца ў адным памяшканні ў школе № 95), у 15.45 міліцыянт не пусціў на ўчасткі. Ён заявіў, што перапынак яшчэ не скончыўся. Раней такіх праблем, па словах назіральніка, не ўзнікала. Хаця сябры ўчастковых камісій ужо знаходзіліся на ўчастках. Назіральніку дазволілі зайсці ў 16.00.
Да абеду на ўчасткі прыехаў намстаршыні адміністрацыі Цэнтральнага раёна Менска і вывяў старшыняў выбарчых камісій «на гутарку».
«Такое ўражанне, што яны ўжо ўсё зрабілі і не будуць чакаць ночы», — сказала Святлана Вяргейчык.