Апазіцыя выбірае Плошчу
- 28.09.2008, 9:55
Сёння ў Беларусі асноўны дзень галасавання на так званых «парламенцкіх выбарах». За ўсю гісторыю сучаснай Беларусі гэта будуць самыя безальтэрнатыўныя «выбары» -- на адно месца ў «палаце прадстаўнікоў» прэтэндуе ўсяго 2,4 кандыдата. У 17 акругах «выбары» безальтэрнатыўныя -- з адным стаўленнікам уладаў. Колькасць акруг без дэмакратычных кандыдатаў -- 40.
У Менску ў 9 з 20 выбарчых акруг, гэта значыць у палове, няма дэмакратычных кандыдатаў. Цяпер у «выбарах» удзельнічаюць 263 кандыдата. Усяго, нагадаем, дакументы на рэгістрацыю падавала 365 чалавек. Не былі зарэгістраваныя каля 80 прэтэндэнтаў, і больш за 20 знялося з «выбараў» добраахвотна.
Вельмі нізкі адсотак прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый ва ўчастковых выбарчых камісіях – усяго 47 чалавек з 69.865 (0,07 %) – па меркаванні апазіцыі, сведчыць аб тым, што сумленнага падліку галасоў падчас гэтых «выбараў» у краіне зноў не будзе.
Урны на выбарчых участках старога савецкага ўзору. Яны не апячатваюцца знізу. Раскруціць такія скрыні можна звычайнай адвёрткай…
Пры гэтым старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына сёння заявіла, што ў датэрміновым галасаванні ў краіне прынялі ўдзел 26 % выбаршчыкаў. Прадстаўнікі апазіцыі заяўляюць, што гэтая колькасць можа быць яшчэ большай. Падчас датэрміновага галасавання праваабаронцамі была зафіксавана велізарная колькасць фактаў парушэнняў. З выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу людзей прымушалі прыйсці на выбарчыя ўчасткі раней часу. На шматлікіх участках датэрмінова прагаласавалі парадку 80 адсоткаў студэнтаў. Навучэнцаў вну прымушалі галасаваць датэрмінова пад прымусам, пагражаючы выключэннем або пазбаўленнем месцаў у інтэрнатах. ( ВІДЭА ).
Апазіцыйныя палітычныя партыі ў сваёй спецыяльнай заяве адзначылі, што датэрміновае галасаванне ўжываецца беларускімі ўладамі выключна для фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Апазіцыя падчас выбарчай кампаніі выкарыстала дзве тактыкі. Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронта» першапачаткова выступалі за байкот «выбараў». Пазней да іх далучыліся шматлікія кандыдаты ад дэмакратычных партый, якія не былі зарэгістраваныя Цэнтрвыбаркамам або заявілі аб здыманні сваіх кандыдатур у знак пратэсту супраць шматлікіх парушэнняў падчас "выбараў".
Кіраўнікі апазіцыйных партый пытанне зняцця або нязняцця з «выбараў» пакінулі на меркаванне саміх кандыдатаў, рэкамендаваўшы ім пры гэтым засяродзіцца на выяўленні выпадкаў фальсіфікацыі «выбараў». Большасць кандыдатаў-дэмакратаў напісалі заявы, што лічаць гэтыя «выбары» несправядлівымі і несвабоднымі і аб тым, што прызнаваць новую «палату» катэгарычна нельга. Апазіцыя адзіная ў галоўным: «парламенцкія выбары» нельга прызнаваць легітымнымі, і заклікае беларусаў выйсці 28 верасня, у 20.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска з патрабаваннем новых свабодных выбараў.
АНДРЭЙ САННІКАЎ, адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» : “Я упэўнены, што большасць беларусаў хоча сапраўдных выбараў, а не таго выбарчага фарсу, які ў чарговы раз нам прапаноўваецца. Права на выбары гарантаванае нам беларускай канстытуцыяй. Цяперашняя кампанія так званых выбараў праходзіць па вядомым сцэнары прызначэння «палатачнікаў». Гэты тупіковы варыянт Беларусі нічога не даў і не дасць. Таму мы не толькі можам, але і павінныя запатрабаваць правядзенні ясных і дэмакратычных выбараў. Мы можам і павінныя быць на плошчы для таго, каб выказаць стаўленне да гэтага фарсу і заявіць аб сваім праве на выбар і свабоду”.
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) : «Мы расцэньваем гэтыя «выбары» як фарс. Мы звяртаемся да беларускага грамадства з заклікам у нядзелю 28 верасня ў 20 гадзін выйсці на Кастрычніцкую плошчу, каб прадэманстраваць свой пратэст. Таму што ўжо цяпер зразумела, да чаго ўсё ідзе. Мы ўжо шмат разоў удзельнічалі ў гэтых псеўдавыбарах, і сітуацыя паўтараецца. Мы заклікаем міжнародную супольнасць не прызнаваць гэтыя «выбары» сумленнымі».
Кандыдаты ў дэпутаты ад Еўрапейскага спіса спалілі свае пасведчанні ў знак пратэсту супраць парушэнняў падчас «выбараў»
ВІНЦУК ВЯЧОРКА, намеснік старшыні Партыі БНФ: «Гэтая «выбарчая кампанія» горшая па ўмовах для дэмакратычных кандыдатаў, чым кампанія 2004 года. Нашыя кандыдаты кожны дзень забяспечваюць нас інфармацыяй аб шматлікіх парушэннях, якія адбываюцца на розных этапах выбарчай кампаніі».
АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі: «27 верасня на выбарчым участку № 456 у Менску падчас абедзеннага перапынку з 14 да 16 гадзін была раскрытая ўрна для галасавання. Зразумела, што змесціва ўрны замененае».
ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, лідэр «Маладога Фронта» : «Выбары» адразу пачалі нагадваць балаган (грубавата-камічны спектакль). Балаган, у якім у аднаго лялькавода маецца некалькі марыянетак».
СЯРГЕЙ КАЛЯКІН, старшыня Партыі камуністаў Беларускай: «Ёсць участкі, дзе датэрмінова прагаласавалі да 80 % выбаршчыкаў. Так галасавалі, напрыклад, студэнты БНТУ. Гэта адназначна кажа аб тым, што ўлады жадаюць атрымаць як мага больш бюлетэняў на датэрміновым галасаванні, затым замяніць бюлетэні для таго, каб забяспечыць фору сваім кандыдатам». ( ВІДЭА )
МІКАЛАЙ ХАЛЕЗІН, кіраўнік «Свабоднага тэатра» : «У мяне дзве дачкі: адной – дзевяць гадоў, другой – чатырнаццаць. Яны выраслі, не ведаючы, што такое свабодныя выбары. Калі ўлада паглядзіць у іх вочы, яна не ўбачыць у іх сваёй будучыні: мае дочкі не любяць дыктатуру. Яны любяць свабоду, і спадзяюцца на тое, што хутка ўсё зменіцца»
Мікалай Халезін у спектаклі «Пакаленне Джынс»
ІРЫНА КРАСОЎСКАЯ, лідэр ініцыятывы «Мы памятаем» : «Тым, хто спрабуе дапамагчы беларускаму рэжыму вярнуцца на шлях дэмакратыі і адмяніць супраць яго санкцыі, я бы параіла не забываць аб адной з 12 умоваў, вылучаных Еўразвязам – расследаванне справаў зніклых. Рашэнне гэтага пытання можа стаць тым фактарам, які будзе азначаць, што надыйшоў час весці перамовы»
Удзельнікі акцыі салідарнасці каля МЗСа Польшчы заклікаюць польскія ўлады не прызнаваць «выбары» у Беларусі