Уга пракінуў друга
- 28.09.2008, 12:10
Уга Чавес сёння прыбыў з нечаканым візітам на Кубу, дзе сустрэўся з яе прэзідэнтам Раўлем Кастра і ягоным братам, экс-прэзідэнтам Фідэлем. На востраў ён прыляцеў пасля візіту ў Кітай, Заходнюю Еўропу і Расею. У Беларусь Чавес так і не заехаў.
Нагадаем, што 23 верасня афіцыйнае беларускае агенцтва БелТА са спасылкай на лацінаамерыканскае агенцтва навін Прэнса Лаціна паведаміла, што прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес плануе наведаць Расею і Беларусь пасля свайго дзяржаўнага візіту ў Кітай.
Пасля Пекіна Чавес нібыта збіраўся наведаць Расею і Беларусь, а затым Францыю і Партугалію, паведамляла БелТА. "Асноўнай мэтай гэтага тура з'яўляецца пашырэнне двухбаковых сувязяў і падпісанне дамоваў у эканамічнай, сацыяльнай і культурнай сферах, а таксама пашырэнне палітычнага дыялогу па міжнародных пытаннях, якія прадастаўляюць узаемную цікавасць", — адзначала агенцтва.
Нагадаем, Уга Чавес ужо тройчы наведваў Беларусь — у ліпені 2006, у чэрвені 2007 і ў ліпені 2008 гадоў.
У снежні 2007 года Венесуэлу наведаў А.Лукашэнка. Падчас ягогнага візіту адбылося адкрыццё беларуска-венесуэльскага сумеснага прадпрыемства па здабычы нафты "ПетраВенБел" у штаце Ансоацегі, быў падпісаны шэраг міжурадавых і міжведамасных дакументаў у розных сферах.