Пры затрыманні збітыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі»
- 29.09.2008, 10:54
Вызваленыя актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», затрыманыя ўчора перад вулічнай акцыяй пратэсту супраць фальсіфікацыі "парламенцкіх выбараў".
Іх было трое, а не пяцёра, як паведамлялася раней: Павал Кур'яновіч, Кастусь Іваноў і Марта Маісеенка. Пры затрыманні Кур'яновіч і Маісеенка былі збітыя.
«Калі мы стаялі на прыпынку, мяне паклікалі па імені, я азірнуўся і ўбачыў людзей у цывільным. Яны назвалі маё прозвішча, імя і імя па бацьку, сказалі, што з'яўляюцца супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, і затрымліваюць нас. Калі я паспрабаваў патэлефанаваць, мяне некалькі разоў стукнулі кулаком у грудзі і вырвалі тэлефон, Марту стукнулі кулаком у твар, заламалі рукі. Нас запіхалі ў мікрааўтобус з таніраваным шклом і прывезлі ў Бараўлянскае РУУС. Там нам паведамілі, што мы затрыманыя для вызначэння асобы…», -- распавёў Павал Кур'яновіч.
У РУУС дэмакратычныя актывіст прабылі каля пяці гадзінаў. Затым прыйшоў афіцэр міліцыі па прозвішчы Грыб і сказаў, што маладых людзей можна адпускаць, бо людзі на Кастрычніцкай плошчы сталі расхадзіцца.
Па факце незаконнага затрымання маладыя людзі будуць падаваць скаргу ў пракуратуру.