БТ сказіла словы кіраўніка місіі назіральнікаў АБСЕ
- 29.09.2008, 11:54
29 верасня місія назіральнікаў АБСЕ на «парламенцкіх выбарах» у Беларусі распаўсюдзіла заяву аб некарэктнай інтэрпрэтацыі беларускімі тэлеканаламі выказванняў кіраўніка Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэза Лянарчыча.
"Учора (28 верасня — БелаПАН.) беларускія тэлеканалы БТ і АНТ паказалі выступ кіраўніка БДІПЧ АБСЕ амбасадара Янэза Лянарчыча, паводле якога спадар Лянарчыч нібыта заявіў, што доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ АБСЕ "не знайшлі якіх-небудзь сур'ёзных парушэнняў". На самой справе амбасадар Лянарчыч сказаў, што назіральнікі "выявілі важныя недахопы ў перадвыбарчы перыяд", — гаворыцца ў заяве.
Вынікі і высновы сваёй працы місія АБСЕ па назіранні за «парламенцкімі выбарамі» у Беларусі падасць 29 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.