Лех Качыньскі: «Лукашэнка павінен разумець, што страта ўлады — гэта нармальна»
- 29.09.2008, 13:01
Вынікі «выбараў» у Беларусі сталі прадметам каментароў палітыкаў самага высокага ўзроўню.
Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі таксама зрабіў некалькі заяваў на гэты конт у эфіры "Радыё Беластока" 29 верасня.
Прэзідэнт Польшчы заявіў, што ён не верыць у празрыстасць і дэмакратычнасць парламенцкіх «выбараў» у Беларусі.
Л.Качыньскі адзначыў, што «выбары» былі для Беларусі крокам у правільным накірунку, але "бюлетэнь дэмакратычны тады, калі ўлады не маюць ніякі магчымасці кантролю над працэсам (галасавання — БелаПАН.)". "Калі ёсць магчымасці для кантролю, то гэта заўсёды сігналізуе аб небяспецы і азначае, што дэмакратыя адсутнічае", — сказаў польскі прэзідэнт.
На яго думку, у Беларусі павінен праходзіць працэс змены ўладных элітаў. "Іншымі словамі, Лукашэнка павінен быць чалавекам, які разумее, што страта ўлады гэта няўдача, але гэта нармальна, — сказаў Л.Качыньскі. — Але няма ніякіх прыкметаў таго, што Лукашэнка лічыць страту ўлады нармальным працэсам".