BE RU EN

БАТЭ сёння згуляе з «Ювентусам»

  • 30.09.2008, 11:04

Футбалісты барысаўскага БАТЭ на менскім стадыёне «Дынама» у 21.45 пачнуць сваю другую гульню ў групе Н супраць італьянскага «Ювентуса» (Турын).

Судзіць гэтую сустрэчу будзе брыгада ангельскіх арбітраў на чале з Марцінам Аткінсанам. Дэлегатам УЕФА прызначаны швед Загер Герхард, а судзейскім назіральнікам будзе Алан Снодзі з Паўночнай Ірландыі.

Першы нацыянальны канал будзе весці прамую трансляцыю матчу з 21.35.

Два тыдні таму, калі ўдзельнікі самага прэстыжнага кантынентальнага клубнага турніру праводзілі першыя гульні, БАТЭ саступіў у гасцях "Рэалу" 0:2, а "Ювентус" выйграў на сваім полі ў "Зеніта" 1:0. На думку галоўнага трэнера барысаўскай дружыны Віктара Ганчарэнкі, яго падапечныя ўжо пасля дэбютнага паядынку атрымалі добры досвед і сёння паспрабуюць парадаваць сваіх заўзятараў добрай гульнёй супраць гранда італьянскага футбола.

Госці, якія прыехалі ў беларускую сталіцу напярэдадні, ужо правялі трэніроўку на полі дынамаўскай арэны. Іх настаўнік Клаўдыё Ран'еры напярэдадні гульні пашкадаваў, што ў складзе не будзе некалькіх вядучых гульцоў. У прыватнасці, супраць БАТЭ не зможа згуляць траўміраваны галкіпер Джанлуіджы Буфон і дацкі паўабаронца Крысціян Поўльсэн. Падтрымліваць "Ювентус" прыехалі каля тысячы яго прыхільнікаў, а асвятляць гульню ў СМІ будуць больш за два дзясяткі журналістаў.

Напярэдадні матчу Лігі чэмпіёнаў БАТЭ — "Ювентус" галоўны трэнер барысаўскага клуба Віктар Ганчарэнка зрабіў некалькі заяваў.

Рулявы БАТЭ адкрыта прызнаўся, што "на стадыёне "Дынама" нам не падабаецца гуляць". "Па-першае, на ім вязкае цяжкае поле, якое адымае шмат сілаў. Па-другое, гэта арэна аднаго з нашых галоўных супернікаў па чэмпіянаце Беларусі. Мы больш любім свой маленькі, утульны стадыён. Але на матчах Лігі чэмпіёнаў менавіта "Дынама" стане нашай хатняй арэнай, таму будзем мірыцца з гэтым", - сказаў В.Ганчарэнка на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Галоўны трэнер БАТЭ адзначыў, што ўдзел клуба ў Лізе чэмпіёнаў стаў добрай школай. "Першы матч з "Рэалам" стаў добрай школай для нашай каманды. Такі досвед нідзе не набудзеш. Зараз стала лягчэй тлумачыць футбалістам патрабаванні сучаснага футбола. У прыватнасці, гульцы адчулі, што самы хуткі на поле - гэта мяч. Як хутка пераходзіць у контратаку, як хутка прымаць рашэнні… Я думаю, што ў гульні з "Ювентусам" нашыя футбалісты будуць адчуваць сябе больш ўпэўна. Гульцы зразумелі, да чаго трэба імкнуцца".

На пытанне "Які вынік у матчы з "Ювентусам" для БАТЭ будзе ўдалым" У.Ганчарэнка адказаў: "Улічваючы клас суперніка, нічыйны вынік будзе станоўчым, але ўсё роўна будзем імкнуцца да перамогі".

З гульцоў асноўнага складу БАТЭ да матчу з "Ювентусам" не рыхтуюцца капітан каманды Аляксандр Ермаковіч (яму нядаўна была зробленая аперацыя на меніску), абаронца Анры Хагуш (прапускае матч з-за выдалення ў матчы з "Рэалам") і паўабаронца Максім Жаўнерчык (у якога, па словах Віктара Ганчарэнкі, "няма жадання развіваць свой талент").

Прысутны на прэс-канферэнцыі абаронца барысаўскага клуба Віталь Казанцаў выказаў меркаванне, што "можа быць, з "Ювентусам" будзе зручней гуляць, чым з "Рэалам". Бо італьянцы паказваюць не такі атакавальны футбол, як гішпанская каманда. Да таго ж зараз мы выступаем на сваім полі, спадзяемся, што збярэцца поўны стадыён". Галоўнай ударнай сілай “Ювэ” В. Казанцаў назваў форварда Алясандра Дэль П'ера, які знаходзіцца ў выдатнай форме. Параўноўваючы ўзроўні матывацыі ў гульнях чэмпіянату Беларусі і Лігі чэмпіёнаў абаронца БАТЭ заўважыў: "Не хочацца нікога пакрыўдзіць, але на "Ювентус" і "Рэал" настройвацца прасцей, чым на беларускія каманды".

Акрамя гульняў у групе Н сёння пройдуць яшчэ 6 сустрэчаў: група Е - "Ольбарг" (Данія) - "Манчэстэр Юнайтэд" (Англія), "Віл'ярэал" (Гішпанія) - "Селцік" (Шатландыя); група F - "Баварыя" (Нямеччына) - "Ліён" (Францыя), "Фіярэнціна" (Італія) - "Сцяўа" (Румынія); група G - "Арсенал" (Англія) - "Порту" (Партугалія), "Фенербахчэ" (Турцыя) - "Дынама" (Украіна). Яшчэ восем матчаў адбудуцца ў сераду, 1 кастрычніка.

Апошнія навіны