BE RU EN

Беларусь можа сутыкнуцца з праблемамі экспарта сваіх тавараў

  • 5.09.2008, 9:25

Замежны бізнэс занепакоены сытуацыяй, якая можа скласціся пасля прыняцця пастановы Мінэканомікі РБ аб уводзінах лімітавай гандлёвай надбаўкі на імпартныя тавары. Старшыня Менскага сталічнага звязу прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МСЗПІП) Уладзімір Карагін зазначыў, што ў апошнія дні паступае шмат званкоў з дыпляматычных і замежных прадстаўніцтваў.

"У амбасадах адчуваецца занепакоенасць у звязі з прыняццем такога дакумента ў Беларусі. У нас пытаюцца: як нам рэкамэндаваць нашым кампаніям працаваць, ці прыпыняць працу, ці ўносіць нейкія карэктывы, ці рыхтаваць адэкватныя меры?" — сказаў У.Карагін.

Занепакоенасць выказаў таксама на прэс-канферэнцыі 4 верасня гандлёвы прадстаўнік Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксей Кісялёў:

"Нас турбуе тое, што расейскі экспарт у Беларусь у выніку прыняцця гэтага рашэння можа скараціцца, — сказаў А.Кісялёў. — Мы вельмі ўважліва вывучаем усе матэрыялы, якія зыходзяць ад беларускай прадпрымальніцкай дзелавой супольнасці, і павінен падкрэсліць, што гэтыя матэрыялы выключна пісьменныя і накіраваныя на захаванне эканамічнай стабільнасці ў Беларусі".

Гандлёвы прадстаўнік РФ лічыць, што прыняцце пастановы №179 не ліквідуе дысбалянсу ва ўзаемным гандлі паміж Расеяй і Беларуссю. "Адмоўнае сальда для Беларусі сёння складае больш за 8 млрд. даляраў. Яно перавышае на 2 млрд. даляраў увесь аб'ём экспарту Беларусі ў Расейскую Федэрацыю", — праінфармаваў А.Кісялёў.

Ён падкрэсліў, што Расея "не жадала бы негатыўнага развіцця сытуацыі".

Апошнія навіны