Заўтра на Крапівенскім полі адбудзецца бардаўскі канцэрт «Аршанская бітва-2008»
- 5.09.2008, 12:49
Традыцыйны фэст беларускай аўтарскай песні і паэзіі “Аршанская бітва-2008” адбудзецца на Крапівенскім полі, недалёка вёскі Гацькаўшчына, у суботу, 6 верасня.
Адзін з ягоных арганізатараў Юрась Копцік кажа, што фармат фэсту змяняцца ня будзе:
"Фармат застаецца нязменным. Традыцыя застаецца той сама, якой была закладзеная ў 1991 годзе. Мы нічога не збіраемся змяняць", - сказаў Копцік у інтэрв'ю “Еўрарадыё”.
Нагадаем, увечар у суботу на адкрытым паветры каля вогнішча збяруцца барды і паэты, а таксама прыхільнікі нацыянальнай і гістарычнай тэматыцы ў музыцы і паэзіі. Пакуль дакладна вядома аб удзеле вядомага барда, пачынальніка традыцыі імпрэзы ўгодак Аршанскай бітвы 1514 году Андрэя Мельнікава. Магчыма, на Крапівенскае поле прыедуць і рыцарскія клюбы.
Юрась Копцік кажа, што фэст адбудзецца пры любых абставінах. Сіноптыкі, дарэчы, абяцаюць на гэты дзень сухое і цёплае надвор'е.