Міліцыя супраць байкоту «выбараў»
- 6.09.2008, 15:13
Сёньня ў Гомелі міліцыя затрымала актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Натальлю Шчукіну й Аляксандра Процку. Ля гандлёвага цэнтру “Рэчыцкі” яны раздавалі ўлёткі з заклікамі да гараджанаў ня ўдзельнічаць у “парлямэнцкіх выбарах”.
У тэксьце прыведзены вытрымкі з Канстытуцыі й Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь: “выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць”. Прыведзена таксама цытата з выступу Аляксандара Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі 23 лістапада 2006 году: “Апошнія выбары мы сфальшавалі…”.
Да распаўсюднікаў падышоў прадстаўнік адміністрацыі Савецкага раёну Анатоль Забіяка. Ён таксама папрасіў пачытаць улётку. А праз дзесяць хвілінаў прыехалі міліцэйскія патрулі й забралі Шчукіну й Процку ў пастарунак, паведаміла “Радыё Свабода”.
Улёткі, якія раздавалі Шчукіна й Процка, выпушчаныя кіраўніком абласной арганізацыі АГП Васілём Паляковым. Ён адмовіўся ад удзелу ў выбарах у якасьці кандыдата ў дэпутаты па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №34 з прычыны невыкананьня ўладамі ўмоваў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, і найперш – адмовы уключыць дэмакратычных актывістаў у склад участковых выбарчых камісіяў.