BE RU EN

У Гаазе пачынаюцца слуханні па іску Грузіі супраць Расеі

  • 8.09.2008, 8:34

У Міжнародным судзе ў панядзелак пачынаюцца экстраныя трохдзённыя грамадскія слуханні на падставе звароту Грузіі з іскам супраць Расеі ў сувязі з падзеямі ў Паўднёвай Асеціі.

Грузія абвінаваціла Расею ў парушэнні Міжнароднай канвенцыі па ўхіленні ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі ад 1965 году і папрасіла суд "прыняць неадкладныя меры" для абароны яе правоў ў паўднёваасяцінскім канфлікце.

Грузінскі бок звярнуўся ў вышэйшую судовую інстанцыю ААН з патрабаваннем вызначыць часовыя меры ў дачыненні да Расеі "у сувязі з яе дзеяннямі на і вакол тэрыторыі Грузіі".

Паводле сцверджання грузінскага боку, "8 жніўня 2008 году Расейская Федэрацыя пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварванне ў Грузію для падтрымкі этнічных сепаратыстаў у Паўднёвай Асеціі і Абхазіі", і што гэтая "ваенная агрэсія прывяла да гібелі сотняў мірных жыхароў".

Грузія папрасіла вышэйшую судовую інстанцыю ААН неадкладна прыняць такія меры, як абавязаць Расею ў поўным аб'ёме выконваць свае абавязкі па Канвенцыі.

Падчас трохдзённых слуханняў абодзвум бакам будзе дадзеная магчымасць выказаць сваю пазіцыю. Расею на слуханнях будуць прадстаўляць: дырэктар прававога дэпартаменту МЗС РФ Раман Калодкін, амбасадар РФ у Нідэрландах Кірыл Геворгян і запрошаныя юрысты - спецыялісты па міжнародным праве. У грузінскую "юрыдычную каманду" акрамя амбасадара Грузіі ў Нідэрландах Майі Панджыкідзэ, увайшлі не толькі суайчыннікі, але, у прыватнасці, вядомы амерыканскі юрыст-міжнароднік Пол Рэйчлер.

Па выніках слуханняў суду трэба будзе вызначыць, ці валодае ён юрысдыкцыяй для разгляду гэтай справы і ці патрабуе сітуацыя прыняцця часовых мераў. У Міжнародным судзе такія рашэнні звычайна выносяцца праз некалькі тыдняў пасля слуханняў.

У выпадках, калі па выніках слуханняў Міжнародны суд усё жа прымае рашэнне аб пачатку судовага працэсу, разгляд справаў паміж дзяржавамі звычайна займае некалькі гадоў.

Рашэнне Міжнароднага суду ААН не падлягае абскарджванню ні ў якой іншай судовай інстанцыі.

Апошнія навіны