BE RU EN

Сёння Дзень беларускай вайсковай славы (Фота)

  • 8.09.2008, 8:38

8 верасня Беларусь адзначае адно з самых вялікіх і ганаровых святаў – Дзень беларускай вайсковай славы. Гэтае свята прымеркаванае да гістарычнай даты – перамогі войскаў Вялікага княства Літоўскага над войскам Маскоўскага княства ў бітве 8 верасня 1514 года пад Оршай.

Вялікая бітва стала пераможнай падчас чарговай вайны з Маскоўскім княствам, калі маскоўскія войскі спрабавалі захапіць тэрыторыю Беларусі. Адным з галоўных герояў Аршанскай бітвы быў гетман Кастусь Астрожскі. Менавіта ён быў на чале 30-тысячнага беларускага войска, якое дашчэнту разбіла 80-тысячнае маскоўскае войска.

Адзначаць 8 верасня як Дзень беларускай вайсковай славы пачалі толькі ў канцы 80-х гадоў. А у 1992 годзе ў гадавіну вялікай бітвы на плошчы Незалежнасці ў Менску беларускія афіцэры ўрачыста прынялі прысягу на вернасць роднай краіне і народу. 8 верасня 1992 года ў Менску былі прыведзеныя да прысягі 12 афіцэраў і 3000 салдат запасу. Тады ўдзельнікі гэтай прысягі падвяргаліся ціску з боку ўладаў, але праз вельмі кароткі час прысягу на вернасць Беларусі прынялі ўсе вайсковыя часткі.

Кожны год ў Менску адбываюцца ўрачыстыя імпрэзы, а пад Оршай, на беразе Дняпра, праходзіць фэст «Аршанская бітва», у якой бяруць удзел вядомыя беларускія пісьменнікі, мастакі, барды, музычныя групы, рыцарскія клубы.

Міліцыя забараніла бел-чырвона-белыя сьцягі на Аршанскім фэсце

6-7 верасня каля вёскі Гацькаўшчына на Крапівенсікм полі непадалёк ад Воршы прашоў штогадовы бардаўскі фэст "Аршанская бітва 2008". На фэсьце прысутнічала міліцыя -- начальнік Аршанскага РАЎС забараніў наведнікам уздымаць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Міліцыянты спрабавалі знайсьці арганізатараў імпрэзы, каб ускласьці на іх адказнасьць за выкарыстаньне “незарэгістраванай сымболікі”. Адзін сьцяг міліцыянты забралі, але самы вялікі – той, што ўпрыгожваў сцэну, запатрабаваць зьняць не наважыліся, паведаміла "Радыё Свабода".

Упершыню фэст адбыўся 17 год таму, і з тае пары праводзіўся 15 разоў: было некалькі гадоў за ўсю ягоную гісторыю, калі яго адмянялі з-за дужа неспрыяльнага надвор’я ці то зь нейкіх іншых прычынаў.

Аднак летась упершыню за ўсе мінулыя гады мастацкую імпрэзу паспрабавалі забараніць: напярэдадні на месцы фэсту быў выстаўлены міліцэйскі кардон, і супрацоўнікі міліцыі ўсім тлумачылі, што на полі, дзе зазвычай праходзіць фэст, знайшлі міны і снарады. Праўда, спэцтэхнікі для разьмінаваньня або вайсковых спэцыялістаў госьці ня ўбачылі, затое ім давялося сустрэцца з узмоцненымі сіламі ахоўнікаў правапарадку. Міліцыянты, у аўральным парадку зьвезеныя на Аршаншчыну з трох бліжэйшых раёнаў, загадвалі людзям з пляцакамі і гітарамі разварочвацца і кіравацца дадому.

Нягледзячы на спробы сарваць імпрэзу, яна ўсё-ткі адбылася. Праўда, у іншым месцы, хоць і недалёка ад традыцыйнага, і зь меншай колькасьцю слухачоў і сьпевакоў – бо асобных актывістаў міліцыя затрымала, а некаторыя мусілі разьехацца самі.

На «Аршанскай бітве» ў розныя гады выступалі практычна ўсе вядомыя беларускія аўтары: Андрэй Мельнікаў, Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Сідаровіч і гурт «Камелот», Лера Сом, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Лана Медзіч, Таццяна Барысік, гурт «Водар сусвету», Анатоль Кудласевіч і многія, многія іншыя.

За прамінулы год неаднаразова выказваліся меркаваньні, што фэст “Аршанская бітва” ужо не адновіцца пасьля міліцэйскага разгону – што людзі проста больш на яго не зьбяруцца. Аднак людзі прыехалі, хаця сёлетні фэст атрымаўся й ня самым масавым за ўсю ягоную гісторыю: паслухаць выступоўцаў і пасьпяваць сабралася каля 150-ці чалавек.

Паводле Юрыя Копціка, аднаго з заснавальнікаў бардаўскай іпрэзы, тыя, хто сабраўся на Крапівенскім полі сёлета, здолелі захаваць гэты фэст і давесьці, што зьнішчыць яго ня ўдасца.

Дзень беларускай вайсковай славы ў Варшаве, 7 верасня 2008 года

Дзень беларускай вайсковай славы ў Варшаве, 7 верасня 2008 года

Фота "Радыё Свабода"

Апошнія навіны