Дачка выкрадзенага генерала Захаранкі нарадзіла сына
- 10.01.2009, 9:39
Дачка экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі Юлія, якая пражывае ў Германіі, нарадзіла сына.
Як паведаміла «Народнай волі» ўдава Юрыя Захаранкі Вольга Барысаўна, роды былі вельмі цяжкімі — Юлія страціла вельмі шмат крыві і ледзь не памерла. Сына назвалі Дзянісам.
Сям'я Захаранкі папрасіла палітычнага сховішча ў Германіі пасля знікнення экс-кіраўніка МУС.
Нагадаем, былы міністр унутраных спраў і адзін з лідэраў апазіцыі Юрый Захаранка знік у маі 1999 года. Шматлікія ў Беларусі і ў свеце лічаць, што яго выкралі па палітычных прычынах і, магчыма, забілі. Беларускія ўлады заяўляюць, што следства яшчэ не скончанае і прычыны выкрадання Захаранкі, як і ягоны лёс, невядомыя.
Міжнародная супольнасць лічыць, што да знікнення Юрыя Захаранкі і іншых лідэраў беларускай апазіцыі датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, экс-сакратар Савета Бяспекі Віктар Шэйман, былы камандзір спецназа ўнутраных войск Дзмітрый Паўлічэнка, экс-міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў.
На 10-м годзе са дня знікнення Юрыя Захаранкі расследаванне ягонай справы даручылі весці ўжо трэцяму следчаму.
Як паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, праваабаронца Алег Воўчак, які прадстаўляе інтэрасы сям'і Захаранка, 29 снежня ён атрымаў апавяшчэнне, што расследаванне справы аб знікненні экс-кіраўніка МУС Беларусі падоўжанае да 24 сакавіка 2009 годв. Расследаваннем будзе займацца следчы па найважных справах пракуратуры Менска, малодшы дарадчык юстыцыі Ю.В. Вараўка. Гэта ўжо трэці следчы, якому даручана весці расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі.
Расследаванне доўжыцца ўжо 10 год. Гэта самае доўгае расследаванне крымінальнай справы ў Беларусі. Ніякіх больш пашыраных апавяшчэнняў аб тым, як яно ідзе, праваабаронцы не атрымалі, нягледзячы на пастаянныя запыты.