Спыненая крымінальная справа супраць курапацкіх вандалаў
- 12.01.2009, 11:31
12 студзеня спынены крымінальны пераслед двух маладых людзей, затрыманых у Курапатах увечары 1 лістапада 2008 года і падазраваных у знішчэнні памятных крыжоў.
Аб гэтым паведаміла БелаПАН следчы Бараўлянскага аддзела Менскага РУУС Алена Хільчук.
У інтэрв'ю БелаПАН начальнік следства Бараўлянскага аддзела Ігар Барадач адзначыў, што «доказаў, атрыманых падчас расследавання, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягнення да крымінальнай адказнасці двух непаўнагадовых менчукоў — навучэнцаў школы і прафтэхвучэльні».
Разам з тым, паведаміў І.Барадач, працягваецца расследаванне крымінальнай справы па факце знішчэння памятных крыжоў у Курапатах. Паводле яго словаў, будуць прымацца меры па выяўленні асобаў, якія здзяйснялі гэтае злачынства.
11 лістапада 2008 года Бараўлянскім аддзелам была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 346, частка 2 Крымінальнага кодэкса (знявага гісторыка-культурных каштоўнасцяў), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, ці арышта на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўлення волі на той жа тэрмін.
Нагадаем, 1 лістапада каля 22.00 дэмакратычныя актывісты з Менска Аляксандр Макаў і Алег Свірыдаў затрымалі ў Курапатах двух маладых людзей. Яны былі ў нецвярозым стане і ламалі памятныя крыжы на алеі, што вядзе ад Крыжа пакутаў да ўзгорка з мемарыяльным камянём ахвярам сталінізму. Адзін з затрыманых па мабільным тэлефоне выклікаў на месца здарэння бацькоў і заявіў, што неўзабаве прыедзе яго бацька, прад'явіць сваю «корачку» (пасведчанне асобы) і вызваліць юнакоў.
Праз некалькі хвілінаў пасля тэлефоннага выкліку прыехалі бацькі маладога чалавека, аднак бацька, насуперак абяцанням затрыманага, нічога не сказаў А.Макаву і А.Свірыдаву ні ва ўрочышчы, ні ў Бараўлянскім аддзеле Менскага РУУС, куды іх даставілі разам з затрыманымі.
За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, з 1993 года ўнесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік гісторыі міжнароднага значэння «Месца знішчэння ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—1940-х гадоў ва ўрочышча Курапаты», трэці раз узбуджаецца крымінальная справа. Упершыню справу адкрыў Менскі РУУС у снежні 2005 года па артыкуле 341 КК (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці), другі раз — у сакавіку 2008 года па артыкуле 339, частка 1 КК (хуліганства). Аднак у абодвух выпадках злачынцы не былі выяўленыя і пакараныя. Такім чынам, вандалаў атрымалася затрымаць упершыню, прычым прадстаўнікам грамадскасці, паколькі ўлады ахоўваць мемарыял адмовіліся.