BE RU EN

Пуцін: Беларускае кіраўніцтва незадаволенае падвышэннем кошту на газ

  • 12.01.2009, 14:03

Расея кожны год паднімае кошт на энерганосьбіты для Беларусі, "нягледзячы на негатыўнае стаўленне з боку беларускіх партнёраў".

Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу АРД пры абмеркаванні расейска-ўкраінскага газавага канфлікту.

"Расея ў кантракце з Беларуссю зафіксавала на працягу трох год перайсці на рынкавае коштаўтварэнне. І мы кожны год паднімаем гэты кошт. У нас таксама нямала спрэчак, і ўсёткі Беларусь плаціць", — цытуе Пуціна РІА Новости.

"Што датычыцца змены ў эканоміцы постсавецкіх краін (гэта датычыцца не толькі Ўкраіны, але і Расеі, Беларусі, Казахстана), калі не будзе ясных рынкавых сігналаў па коштах на энерганосьбіты, то эканомікі ніколі не будуць імкнуцца да энергазахавання, і ніякімі адміністрацыйнымі мерамі перайсці да эканоміі энергарэсурсаў немагчыма", — заявіў расейскі прэм'ер.

У.Пуцін прапанаваў Еўразвязу прадаставіць Украіне крэдыт, калі ўкраінскай эканоміцы не хапае рэсурсаў. "Калі не хапае рэсурсаў на сённяшні дзень, эканоміка не гатовая, яна энергавыдатковая, дайце ім крэдыт", — сказаў ён.

Пры гэтым Пуцін нагадаў, што Расея прадаставіла Беларусі крэдыт у 2 млрд. даляраў.

На дадзены момант, нагадаем, Беларусь атрымала першы транш крэдыту ў 1 млрд. даляраў. Другі павінен быць прадстаўлены пасля падпісання бакамі дамовы аб эканамічным супрацоўніцтве.

Апошнія навіны