Фантастычны рост коштаў
- 13.01.2009, 12:27
Нягледзячы на абяцанні ўладаў не падвышаць кошты, паводле дадзеных Міністэрства эканомікі, за 12 дзён студзеня кошты на прадукты ў Беларусі выраслі на 30-60 адсоткаў.
Больш за ўсё падаражэлі рыба, садавіна і гародніна. Прычым варта адзначыць, што дадзеныя Мінэканомікі па традыцыі заніжаюцца. Рэальнае падаражэнне яшчэ вышэй.
Такім чынам, па афіцыйных дадзеных, грэцкія крупы падаражэлі на 26,9%, рыс - на 20%, гарох - на 33,5%, кава - на 23%, рост коштаў на гарбату склаў 27-29%, на алей раслінны - 21,4%, на імпартаваную рыбу рост коштаў дасягаў 44%, на садавіну і гародніну - 59,6% (на мандарыны), яблыкі падаражэлі на 46%, лімоны на 44,5%.
«Па шэрагу пазіцыяў суб'екты гаспадарання, у тым ліку дзяржаўныя, скарысталіся дэвальвацыяй беларускага рубля на 20% і неабгрунтавана падвысілі кошт, - цытуе «Интерфакс» намесніка міністра эканомікі Адашкевіча. Пры гэтым ён прызнаў, што дэвальвацыя ў прынцыпе павінна адбіцца на рознічных коштах на імпартную прадукцыю, «але па шэрагу найважнейшых тавараў рост коштаў істотна перавышае ўзровень дэвальвацыі».
У прыватнасці, паводле яго словаў, выяўлена, што ў Менску з 31 снежня па 12 студзеня па шэрагу таварных пазіцыяў - крупы, рыба, садавіна і гародніна - кошты выраслі ад 40% да 65%, што істотна перавышае ўзровень дэвальвацыі.
Нагадаем, што 4 студзеня начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў заявіў: «Падставаў для росту коштаў няма!». Прычым яго сцверджанне датычылася і імпартных тавараў.
«Як вядома, у нас яшчэ вялікая доля імпарту. Але нафта патаннела ў свеце ў тры разы, металы — у два разы, вядучыя краіны-вытворцы зніжаюць кошты ў межах 20—30% на гатовую прадукцыю, якую мы спажываем. Таму падставаў для росту коштаў няма», — падкрэсліў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка.
На яго думку, калі дзесьці былі ўзнятыя кошты на імпартную прадукцыю, дык гэта адбываецца з-за жадання кампенсаваць страты, аднак «гэта часавая з'ява — скончыцца тавар, і ўсё гэта скончыцца». «Кошты, калі і змяняюць, дык на імпартныя тавары, на беларускія тавары кошты не змяняюць», — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.