Еўрапарламент прыме новую рэзалюцыю па Беларусі
- 14.01.2009, 8:08
Дэпутаты Еўрапейскага парламента сёння абмяркуюць палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Пяць варыянтаў рэзалюцыі пададзеныя ў сакратарыят Еўрапарламента, працягваецца праца над агульным праектам.
Так, еўрадэпутаты віталі рашэнне беларускіх уладаў аб рэгістрацыі руху «За свабоду», вяртанне ў падпіску і ў кіёскі недзяржаўных выданняў «Наша ніва» і «Народная воля», вызваленне ўсіх палітвязняў.
У Еўрапарламенце выказваюць надзею, што тэндэнцыя захаваецца: будуць створаныя ўмовы для працы незалежных СМІ, зарэгістраваныя іншыя няўрадавыя арганізацыі, у прыватнасці праваабарончая «Вясна», а правы палітычных актывістаў (і не толькі іх) будуць выконвацца. Дэпутаты спадзяюцца, што ўслед за заявамі аб гатоўнасці Беларусі дэталёва абмяркоўваць рэкамендацыі АБСЕ адбудуцца змены Выбарчага кодэкса, перадае БелаПАН.
У праектах рэзалюцыі Менску нагадваюць і аб пяці ўмовах для «істотнага паляпшэння адносінаў з ЕЗ». Так, Беларусь павінна (1) заставацца краінай без палітвязняў; (2) гарантаваць свабоду СМІ; (3) працягнуць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства; (4) палепшыць умовы для працы няўрадавых арганізацыяў; (5) гарантаваць свабоду сходаў і палітычных асацыяцыяў.
Еўрапарламент заклікае беларускі ўрад прадэманстраваць павагу правоў чалавека праз канкрэтныя крокі. Прапаноўваецца ўнесці змены ў Крымінальны кодэкс і ўстрымацца ад ціску праз крымінальны пераслед за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Менску рэкамендуюць таксама прыбраць усе перашкоды для рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў, адмяніўшы забарону на выкарыстанне для гэтага адрасу прыватнай кватэры.
Асобна кажацца пра заклапочанасць высыланнем з Беларусі каталіцкіх святароў. Дэпутаты краінаў ЕЗ заклікаюць да захавання права на свабоду рэлігіі і правоў нацыянальных меншасцяў. У прыватнасці — прызнаць легітымнасць Саюза палякаў Беларусі, які ўзначальваецца Анжалікай Барыс. Захоўваецца і заклік адмяніць ужыванне смяротнага пакарання.
З іншага боку, ва ўсіх праектах падтрымліваецца пазіцыя беларускіх уладаў не спяшацца з прызнаннем незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, нягледзячы на ціск з боку Расеі.
Падтрымаўшы рашэнне Менска часова аднавіць аздараўленчыя паездкі дзяцей за мяжу, Еўрапарламент звярнуўся да чэшскага старшынства ў ЕЗ з заклікам у якасці прыярытэтнай паставіць мэту падпісаць з Беларуссю агульнаеўрапейскую дамову, якое дазволіла б беларускім дзецям выязджаць ва ўсе краіны ЕЗ.
Дэпутаты звяртаюць увагу Рады ЕЗ і Еўракамісіі, што пашырэнне ўзаемадзеяння з беларускімі ўладамі, а зараз — развіццё тэхнічнага супрацоўніцтва, павінна стаяць у прамой залежнасці ад дэмакратызацыі беларускага грамадства, гатоўнасці Менска паважаць правы чалавека. У праектах рэзалюцыі адзначаецца, што наладжванне дыялогу павінна быць паступовым, пакрокавым, увязаным з дакладна сфармуляванымі ўмовамі.
Ізноў еўрадэпутаты заклікалі палегчыць беларусам умовы атрымання шэнгенскіх візаў і знізіць памер консульскага збору. Акрамя таго, структурам ЕЗ прапаноўваюць распрацаваць шляхі для паляпшэння дзелавога клімату ў Беларусі, умоваў для гандлю, інвестыцыяў, развіцця транспартных і энергетычных структураў, трансмежавага супрацоўніцтва паміж еўрапейскімі краінамі і Беларуссю.
На думку дэпутатаў, ЕЗ неабходна прапанаваць беларускім уладам у якасці жэсту добрай волі стварыць умовы для вяртання ў Менск ЕГУ, ВНУ, які з 2005 года працуе ў выгнанні ў літоўскай сталіцы. У асобных праектах кажацца таксама аб неабходнай рэгістрацыі «Белсата» — польскага тэлеканала для Беларусі.
Нагадаем, што першапачаткова Беларусь атрымала паўгады, каб прадэманстраваць добрую волю да развіцця адносінаў з Еўразвязам. Чакаецца, што ў сярэдзіне красавіка «высілкам» беларускіх уладаў будзе дадзеная ацэнка.
26-27 студзеня на сустрэчы ў Брусэлі сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць міністры замежных справаў краінаў ЕЗ.