BE RU EN

Арышты на «Беларуськаліі»

  • 14.01.2009, 12:42

Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Беларусі выкрылі арганізаваную групу асобаў, якая дзейнічала на РУП «Беларуськалій».

Як паведамілі БелаПАН у ГУБАЗ, следства выявіла, што шэраг службовых асобаў прадпрыемства з дапамогай сваякоў, якія з'яўляюцца працаўнікамі камерцыйных структураў, замест прамога набыцця дарагога абсталявання ў завода-вытворцы набывалі яго праз падстаўныя фірмы. З гэтай мэтай службовымі асобамі быў праведзены, у тым ліку, фіктыўны тэндэр.

Падчас аператыўных мерапрыемстваў было выяўлена, што, акрамя садзейнічання фірмам сваякоў, службовыя асобы прадпрыемства дапамагалі і іншым камерцыйным структурам за грашовую ўзнагароду ў дзесяткі тысячаў даляраў.

У выніку злачыннай дзейнасці прадпрыемству прынесеная эканамічная шкода на больш чым 6 млрд. рублёў. У ГУБАЗ лічаць, што падчас расследаванняў сума шкоды можа павялічыцца.

У цяперашні час арыштаваныя пяць падазраваных, сярод іх — службовыя асобы РУП «Беларуськалій» і камерцыйных структураў. Яны абвінавачваюцца па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, махлярства, даванне і атрыманне хабараў.

На маёмасць абвінавачваных — кватэры ў Салігорску і Менску, катэджы, аўтамабілі, зямельныя ўчасткі — накладзены арышт. Таксама арыштаваныя рахункі падстаўных фірмаў і асабістыя банкаўскія рахункі зламыснікаў.

Апошнія навіны