КДБ чытаў канфіскаваную незалежную прэсу 9 месяцаў
- 15.01.2009, 14:20
Асіповіцкаму грамадзкаму актывісту Ігару Сімбірову міліцыянты вярнулі канфіскаваныя яшчэ 28 сакавіка газэты.
Актывіст быў адным з пацярпелых ад масавых ператрусаў, якія адбываліся па ўсёй Беларусі пры канцы сакавіка мінулага году, нагадвае «Радыё Свабода».
Ператрусы праводзілі міліцыянты й супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы паводле артыкулу аб абразе Аляксандра Лукашэнкі.
Напрыканцы мінулага году Ігар Сімбіроў зьвярнуўся ў пракуратуру Асіповіцкага раёну са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў, якія, паводле яго, незаконна ўварваліся ў кватэру, беспадстаўна канфіскавалі ягоныя газэты, а цяпер ня хочуць іх вяртаць.
«У дзеяньнях міліцыянтаў парушэньняў заканадаўства пракуратура ня выявіла, але паведаміла, што я магу прыйсьці ў раённы аддзел міліцыі й забраць свае газэты. Тыя, хто праводзіў у мяне ператрус, папросту ня ведалі, як рэагаваць на мае патрабаваньні. Яны спадзяваліся, што я махну на канфіскаванае рукой і пакіну ўсё як ёсьць. Аднак для мяне важна было абараніць свае правы. Няхай так, але я іх абараніў», - кажа Ігар Сімбіроў.
28 сакавіка ў яго канфіскавалі пятнаццаць найменьняў незалежных газэт. Сярод іх шмат было састарэлых асобнікаў афіцыйна зарэгістраваных выданьняў.
Акрамя Ігара Сімбірова, на Магілёўшчыне ад ператрусаў пацярпелі пяцёра журналістаў. У іх канфіскавалі аргтэхніку, электронныя носьбіты інфармацыі й друкаваныя выданьні. Чатыры кампутары канфіскавалі і ў прыватнага грамадзкага цэнтру «Кола сяброў», што мае сядзібу ў Магілёве.
У кастрычніку й лістападзе ўсё, што было канфіскавана ў сакавіку, вярнулі ўладальнікам. Сімбіроў стаў апошнім.