Ганцавіцкія калгаснікі гатовыя страйкаваць супраць нізкіх заробкаў
- 15.01.2009, 17:15
Працаўнікі фермы «Ясенева» у Ганцавіцкім раёне прыгразілі адміністрацыі калгасу «Адраджэнне» страйкам, калі даведаліся, што зарабілі за месяц па 140-180 тысяч рублёў.
Страйкаваць яны вырашылі і таму, што ўмовы працы не адпавядаюць самым простым патрабаванням. Возяць працаўнікоў на ферму з вёскі за 10 кіламетраў, у ЗІЛе, на якім усталяваная будка без дзвярэй, паведамляе «Еўрарадыё».
Адміністрацыя тлумачыць нізкі заробак тым, што цяляты не далі добрага прыросту вагі. Да таго ж, жывёл узважвалі за тыдзень да канца месяца, і ўсё прыбаўленне не ўлічылі. У папярэднія месяцы працаўнікі фермы атрымлівалі па 300-500 тысяч.
Сустрэча жывёлагадоўцаў з кіраўніцтвам дала вынік: за няўлічаны прырост вагі ім паабяцалі даплаціць у наступным месяцы, а машыну для падвозу людзей на працу - пераабсталяваць.